Кіраўнік МЗС Нямеччыны мае намер заклікаць Лукашэнку адмовіцца ад рэпрэсій

Міністр замежных спраў Нямеччыны Гіда Вестэрвеле мае намер заклікаць Аляксандра Лукашэнку падчас візіту ў Мінск адмовіцца ад рэпрэсій падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Suddeutsche Zeitung, якое апублікавана 30 кастрычніка. "Мы не будзем умешвацца ў перадвыбарную барацьбу, аднак з усёй выразнасцю дамо зразумець, што мы з вялікай заклапочанасцю ўспрымаем дзяржаўныя рэпрэсіі напярэдадні выбараў, — цытуе газета кіраўніка знешнепалітычнага ведамства. — Мы падкрэслім, што празрыстая перадвыбарная барацьба, каб мець дастатковую эфектыўнасць для партый і грамадзянскай супольнасці, павінна прадугледжваць і свабодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі".

Гіда Вестэрвеле адзначыў: у выпадку абрання Беларуссю дэмакратычнага курсу стане магчымым яе далейшае збліжэнне з Еўропай, паведамляе БелаПАН.

Адзначым, што сустрэчы Гіда Вестэрвеле і яго польскага калегі Радослава Сікорскага з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым, апазіцыйнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці запланаваныя на 2 лістапада.

Згодна з паведамленнем МЗС Польшчы, "абодва міністры хочуць выказаць беларускаму боку выразнае еўрапейскае пасланне" ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі