Кіраўнікі краін ЕС ухвалілі палітыку Ўсходняга партнёрства

Лідэры 27 краін Еўрасаюза на Еўрапейскім саміце ў Бруселі ўхвалілі Еўрапейскую стратэгію бяспекі і палітыку Ўсходняга партнёрства. У першым дакуменце новымі пагрозамі названыя кліматычныя змены, кіберзлачыннасць і пірацтва.
Паводле словаў кіраўніка Еўракамісіі Хасэ Мануэла Барозу, палітыка Ўсходняга партнёрства, якая не прадугледжвае перспектывы сяброўства ў ЕС, мае на мэце "значнае павышэнне ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння, шырокую інтэграцыю ў эканоміку ЕС, узмацненне энергетычнай бяспекі і павелічэнне фінансавай дапамогі".

У Еўракамісіі падкрэсліваюць, што ўдзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве будзе залежыць ад узроўню адносінаў паміж Мінскам і Бруселем. Нагадаем, удзел у палітыцы Ўсходняга партнёрства Еўракамісія прапануе шасці постсавецкім краінам - Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Ім, у прыватнасці, прапанаванае пагадненне аб асацыяцыі і стварэнні новай еўрапейскай эканамічнай зоны, якая мусіць стаць базай для развіцця агульнага ўнутранага рынку.

БелаПАН нагадвае, што афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова станоўча выказваліся наконт новай палітыкі Еўрасаюза.