Кіраваць беларускім хакеем Яўген Ворсін збіраецца аўтарытарна? (Фота, Відэа)

Новы старшыня Федэрацыі распавёў, што плануе развіваць дзіцячы і клубны хакей, гадаваць “зорак”, укладваць грошы ў вяртанне беларускіх легіянераў, а спрэчныя пытанні вырашаць “валявым рашэннем” 18 сакавіка на пазачарговым пасяджэнні Федэрацыі хакея быў абраны новы старшыня. Ім чакана стаў 61-гадовы намеснік генсакратара ЕўрАзЭС Яўген Ворсін. Менавіта яго напярэдадні называлі галоўным прэтэндэнтам на гэтую пасаду. За Ворсіна прагаласавалі 24 дэлегаты сходу, супраць – толькі адзін.

У сваім прывітальным слове новы кіраўнік федэрацыі падзякаваў усім за давер і паабяцаў прыкласці ўсе намаганні для развіцця беларускага хакея.

Яўген Ворсін:
“Я ўпершыню ў жыцці абіраюся на пасаду. Да апошняга моманту мяне заўсёды прызначалі. Але я лічу, што ваш давер пры абранні на гэткую адказную пасаду заслугоўвае павагі. І мне вельмі прыемна, што вы верыце ў мяне. І я ў сваёй працы буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, дзеля таго, каб вырашыць задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы на апошняй нарадзе па развіцці хакею”.



Праблемы айчыннага хакея, перакананы новы кіраўнік БФХ, можна вырашыць толькі супольна, пакінуўшы ўбаку ўзаемныя крыўды і адмовіўшыся ад прасоўвання нейкіх уласных інтарэсаў.

Яўген Ворсін: “У аснову развіцця сістэмы хакею пакладзенае клубнае развіццё. Гэты кірунак павінен быць падтрыманы ўсімі – пры ўмове, што мы будзем ствараць гэтую сістэму не канкрэтна пад нейкі адзін галоўны клуб, а для таго, каб клубная сістэма працавала на тэрыторыі ўсёй Беларусі. А дзіцячыя спартыўныя школы рэгіёнаў павінны будуць працаваць на гэты спартыўны клуб. Вось тады мы з вамі вырашым праблему не толькі масавасці, але і галоўнае пытанне – праблему рэзерву”.



Ворсін назваў умацаванне нацыянальнай каманды легіянерамі мерай неабходнай, але вымушанай і часовай. На яго думку, калі нашы хакеісты будуць добра падрыхтаваныя, то легіянеры саступяць ім месца. Але сёння браць легіянераў трэба для таго, каб гуляць прынамсі ў плэй-оф КХЛ – інакш не мае сэнсу на іх траціцца.

Яўген Ворсін: “Шкада, што ў нас сярэдні ўзровень хакеіста сёння прэвалюе над яркімі зоркамі. Іх сёння ў нас няма. Я ўпэўнены, што калі ў КХЛ гуляюць нашы беларускія хакеісты, то чаму яны не могуць скласці эліту нашага нацыянальнага чэмпіянату? Сёння ж наш нацыянальны чэмпіянат – магчыма, не тая пляцоўка, дзе мы маглі б абкатваць нашых найлепшых хакеістаў – мы павінны гуляць у КХЛ! Пры гэтым дзвюма-трыма камандамі – гэта пытанне не сённяшняй размовы. Колькі трэба будзе – столькі і будуць гуляць!”

Адначасова Ворсін звярнуў увагу на той факт, што сёння многія хакеісты вымушаныя гуляць за іншыя клубы, бо дома для іх не знаходзіцца ані ўвагі, ані матэрыяльнай падтрымкі. Калі ж перанакіраваць сродкі з набыцця дарагіх замежных легіянераў на вяртанне беларускіх гульцоў дадому, наш хакей таксама толькі выйграе.

Яўген Ворсін:
“Тыя немалыя сродкі, якія мы сёння выдаткоўваем на набыццё легіянераў, трэба інвеставаць у наш уласны хакей, у нашу моладзь. Чаму наш хакеіст за тую ж тысячу ці дзве тысячы долараў едзе ў нейкую Цьму-Таракань? Таму што там атрымлівае грошы, а не з-за таго, што там прэстыжна. Дык можа мы павінны гэтым пытаннем заняцца? Тых хакеістаў, якія сёння з’ехалі шукаць свой хлеб на расійскай ніве, мы павінны нейкім чынам вярнуць сюды”.



Гэтыя ды іншыя задачы не заўсёды будуць вырашацца дэмакратычным шляхам. Новы кіраўнік БФХ папярэдзіў, што калі яго меркаванне па нейкім пытанні будзе кардынальна разыходзіцца з меркаваннямі іншых – апошняе слова будзе заставацца менавіта за ім.

Яўген Ворсін: “Мой падыход да сумеснай працы – гэта заўсёды паважлівае стаўленне да кожнага меркавання і ніколі не навязванне ўласнага меркавання, але пры адной умове: калі я думаю, што я, як старшыня, у дадзеным выпадку маю рацыю, то адразу ж кажу, што ёсць пытанні, якія галасаваннем, простай большасцю галасоў не прымаюцца. Яны прымаюцца валявым рашэннем. І вось з гэтым тады давядзецца лічыцца”.

Наколькі слушна абраная тактыка “цвёрдай рукі”, можна будзе спраўдзіць ужо неўзабаве – на чэмпіянаце свету па хакеі ў Нямеччыне. Нагадаем, Яўген Ворсін яшчэ да свайго абрання кіраўніком БФХ выказваўся пра тое, каб пакінуць трэнерам нацыянальнай зборнай Міхаіла Захарава. Былы трэнер алімпійскай зборнай, дарэчы, таксама прысутнічаў на пасяджэнні федэрацыі.




Фота і відэа: Валера Руселік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі