Кліп для The Weeknd, серыял для НВО: як ураджэнец Мінска скарае Захад
Арсеній Хачатуран / afcinema.com
Яго працу адзначылі на Венецыянскім кінафестывалі, ён здымае кліпы для сусветных зорак і супрацоўнічае з вядомымі стрымінгавымі пляцоўкамі. Усё гэта “сціплы” паслужны спіс 30-гадовага Арсенія Хачатурана, які родам з Мінска. Яго бацькі ў 1990-я эмігравалі ў ЗША, і зараз хлопец жыве і працуе ў Нью-Ёрку. Там ён засвоіў прафесію фільммэйкера і зняў дзясятак кароткаметражных стужак. Еўрарадыё расказвае пра творчы шлях хлопца, які скарае свет кіно.
Тры гады таму Хачатуран таксама здымаў франка-грузінскі фільм “Пачатак” рэжысёра Дэі Кулумбегашвілі. Праекту ўдалося ўвайсці ў афіцыйны адбор Канскага фестывалю, атрымаць чатыры прызы на Міжнародным кінафестывалі ў Сан-Себасцьяне і галоўны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Трыесце. Дзякуючы гэтаму Арсенія заўважыла каманда Гуаданьіна, з якім ён і пачаў супрацоўнічаць.
Што яшчэ зняў Хачатуран?
Стэндап для Netflix
Летась на Netflix выйшаў стэндап-канцэрт вядомага коміка Азіза Ансары. У культавым ньюёркскім клубе Comedy Cellar зняў яго акурат такі Хачатуран.
Кліп для The Weeknd
Сёлета сусветна вядомы выканаўца The Weeknd прэзентуе кліп на трэк “Double Fantasy”. Кадры для яго ўзялі з серыяла "Кумір". Пры чым тут Арсеній Хачатуран? Акурат ён зняў тры эпізоды гэтага серыяла.
“Кумір” на НВО
Праз некалькі месяцаў серыял выйшаў на канале НВО, які ў розныя часы падарыў нам культавых “Клан Сапрана” і “Гульню тронаў”. Адну з галоўных роляў там выканаў усё той жа выканаўца The Weeknd.
“Кумір” не стаў чарговым хітом НВО. Серыял ушчэнт разнеслі і крытыкі, і гледачы: наракалі і на слабую гульню актораў, і на ніякі сюжэт. Аднак да сакавітай карцінкі пытанняў не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.