Кліп J-Морс перамог на "КінаВарцы"

Днямі першы беларускі форум альтэрнатыўнага малабюджэтнага відэа пад назвай “КінаВарка” аб’явіў пераможцаў у 10 намінацыях. Ці можа ў Беларусі існаваць альтэрнатыўнае кіно ў прынцыпе? – гэтае пытанне стала не толькі прычынай спрэчкі рэжысёраў Уладзіміра Максімкава і ІванаПінігіна, але і паслужыла ўзнікненню фестывалю, які станоўча адказаў на пытанне: можа!

Паводле словаў арганізатараў форума, каб не згубіць ідэі, фэст адмыслова адбыўся без спонсарскай падтрымкі. Быў аб’яўлены конкурс пад лозунгам “Хочаш рабіць – рабі! І няма чаго скардзіцца на адсутнасць грошай”, на які прыйшло каля 100 заявак.

З аўтарамі цікавых сцэнарыяў члены журы сустракаліся асабіста, і калі бачылі, што чалавек цалкам разумее, што хоча зняць, яму давалі камеру. Паводле словаў Івана Пінігіна, дзякуючы падобным фэстам, якія адбываюцца на Захадзе вельмі часта, знаходзяцца крэатыўныя людзі і таленавітыя мастакі:

Іван Пінігін: “У адной толькі Галандыі падобных фэстаў праводзіцца каля 20-ці з той толькі мэтай, каб проста знайсці вар'ятаў, крэатыўных асоб. І ў шматлікіх краінах, дзе проста шануюць вар’ятаў, такіх асоб выхопліваюць, таму што толькі за іх кошт рухаецца культура і пашыраецца грамадская свядомасць. І там не думаюць над пытаннем: «А для чаго гэта робіцца?». Як і не думаюць над тым, ці назваць гэты фэст «пошукам талентаў» ці форумам. На Захадзе гэта наогул называюць аўдыёвізуальным эксперыментам!”

Пераможцам у намінацыі “Лепшая ідэя” стаў мараканец Сімо Ламуісі, “Лепшым пастановачным фільмам” стала карціна “У чаканні Зорава” Сяргея Савянкова.
Дзіўна, але фільм “Пяшчота”, зняты Ўладзімірам Казловым за адзін дзень у Францыі без адзінай капейкі, які выклікаў бурную рэакцыю журы, атрымаў прыз толькі за лепшую акцёрскую працу.

Гран-пры фестывалю дасталася кліпу на песню “Ваўкі” гурта “J-Морс” аўтарства Макса Сірага. Дарэчы, перамога прафесійнага анімацыйнага відэа ад Сірага выклікала здзіўленне і, часам, незадаволенасць многіх удзельнікаў і гледачоў імпрэзы. Аднак аўтар ідэі форума Ўладзімір Максімкаў застаўся задаволеным праробленай працай:

Уладзімір Максімкаў:
"Я вельмі натхнёны такой актыўнасцю, упэўнены, што «Кінаварка» стане штогадовым і міжнародным форумам. Больш таго, мы хочам зрабіць нешта кшталту альтэрнатыўнага open-air — паказаць гэтыя фільмы на адкрытым паветры, бо важна, што гледачы змогуць паглядзець відэа, дзе самае галоўнае — ідэя — не хаваецца за вялікай колькасцю спецэфектаў або багаццем схаванай рэкламы. Гэты форум не для таго, каб зарабіць грошай, а для таго, каб выказаць свае пачуцці і распавесці «сваю гісторыю".

>

Паводле www.naviny.by
Фота: http://kinovarka.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі