Кліп “Капітал” ствараўся пад іншую песню

Рэжысёр Аляксей Церахаў раскрыў сакрэты нараджэння самага тытулаванага беларускага кліпа.
“Кліп года” на Rock Alternative Music Prize (RAMP), перамога ў галоўнай намінацыі расійскага фэстывалю "Мультиматограф". Адзін з пераможцаў міжнароднага фэстывалю музычнага відэа ViMus-2007. Столькі тытулаў не атрымліваў яшчэ ні адзін беларускі кліп.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як ён ствараўся.

Аказалася, што першапачаткова матэрыялы наогул рабіліся пад іншую песню Ляпісаў! Па словах рэжысёра Аляксея Церахава, “Товарищ” замянілі “Капиталам” выпадкова:

“Неяк мы сустрэліся з Жэнем Калмыковым у Маскве, і ён прапанаваў мне зрабіць праект, прысвечаны Саміту дзяржаваў Руху недалучэння, куды ездзіў Лукашэнка, там быў і Фідэль Кастра, гэта на Кубе было. Па гэтай палітычнай тэме прапаноўвалася зрабіць такі каляпалітычны смешны кліп для Інтэрнэту на песню “Товарищ”.

Я пачаў распрацоўваць вобразы палітыкаў і зрабіў некалькі экскізаў, менавіта гэтыя карцінкі пасля і трапілі ў “Капітал”, і паказаў іх Жэню. Той сказаў, што трэба рабіць штосьці больш сур’ёзнае, бо вельмі прыгожая графіка атрымалася. Але мне не падабалася песня “Товарищ”, і я яшчэ прапанаваў падумаць і пашукаць.

У гэты час якраз пісаўся альбом. Я яго паслухаў, і мне падалося, што самай аптымальнай песняй на гэтую тэму будзе “Капитал”.

Па словах Аляксея Церахава, Сяргей Міхалок толькі адзін раз глядзеў працоўную версію “Капитала” і цалкам давяраў рэжысёру:

“У прынцыпе, увесь ролік вельмі такі мануальны. Над ім працаваў толькі адзін чалавек. Нейкімі абсалютна простымі спосабамі і сродкамі. Адзінае, на што я паставіў галоўны акцэнт гэтага роліка, – гэта стварэнне вобраза такога боства.

Я думаю, што такі вобраз Міхалка, такога мутанта-бога, і трымае кліп. Такі шматрукі і шматгаловы Шыва. Прычым гэты Шыва быў зроблены з рук розных лідэраў. То бок там ёсць і рука Садама Хусэйна з ружжом, яго класічная рука, калі ён распачынаў парады са стрэлу. Там ёсць рука з пальцам Фідэля Кастра, рука Лукашэнка, рука Уга Чавеса”.

Ствараўся кліп чатыры месяцы. І ўвесь гэты час дакладнага сцэнару не было.

Аляксей Церахаў: “Тут вельмі мала прыдуманасці, а шмат інтуітыўнасці. То бок я не ведаў у працэсе, чым гэты ролік скончыцца, сцэнар выдумляўся падчас стварэння кліпу. Я сабраў там найбольш яскравыя вобразы палітыкаў канца ХХ стагоддзя. Думаў туды ўставіць яшчэ Мао Цзэдуна, але потым вырашыў, што гэта ўжо рэальна прамінулая эпоха. І зараз гэта ўжо неактуальны вобраз”.

Яшчэ адным адкрыццём стала тое, што Аляксей Церахаў распачаў працу над новым відэа.

Выбар кліпмейкера трапіў на песню “Огоньки” з апошняга альбома "Ляпіса Трубяцкога". Па словах рэжысёра, кліп будзе ў стыле рэтра:

“Плануецца зрабіць навагодні ролік. Існуе вельмі шмат кліпаў і песень, якія робяць спецыяльна для Новага года, але ніхто не дасягнуў такога ўзроўню, як “Ирония судьбы, или С лёгким паром”, калі ўсе сядаюць перад сваімі салатамі з морквы, бульбы і гарошку і з задавальненнем глядзяць гэты фільм кожны Новы год і балдзеюць ад яго.

То бок, я паставіў сабе за мэту зрабіць прыкладна такога ж узроўню, але кліп. Ён будзе вытрыманы ў такой рэтра-стылістыцы, на аснове старых фотаздымкаў. Паспрабуем паспець да Новага года”.

Як даведалася Еўрарадыё, кліп будзе складацца з чорна-белых фотаздымкаў савецкіх часоў. Некаторыя з іх мастак размалюе, каб лепш перадаць атмасферу дзяцінства і свята. Акрамя фота ніякіх відэаздымкаў у роліку не будзе.

Здымкі падбіраліся з хатніх калекцый сяброў майстра. Трапяць у ролік і здымкі Сяргея Міхалка, але, як распавёў Аляксей Церахаў, будуць яны там не таму, што гэта выканаўца песні, а проста з-за сваёй каларытнасці.



На фота — адзін з кадраў кліпа "Огоньки"


Такім бы мог быць кліп "Капітал"
Capital Garage Version

Add to My Profile | More Videos

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі