Колькасць ахвяраў тэракту ў "Дамадзедаве" — 34 чалавекі (відэа)

 МНС РФ склала першую частку папярэдняга спісу шпіталізаваных у выніку выбуху ў маскоўскім аэрапорце “Дамадзедава”. Паводле апошніх звестак міністэрства, ахвярамі тэракту сталі 34 чалавекі, пацярпелі 168 чалавек, з іх 74 шпіталізаваныя. (АБНАЎЛЯЕЦЦА)
Асобы ўсіх загінуўшых у выніку выбуху ў маскоўскім міжнародным аэрапорце "Дамадзедава" будуць вызначаныя ў бліжэйшыя гадзіны, паведаміла намеснік мэра па пытаннях адукацыі і аховы здароўя Вольга Галодзец на аператыўнай нарадзе.

Вялікія чэргі ўтварыліся ў аэрапорце “Дамадзедава” ў сувязі з узмацненнем захадаў бяспекі пасля тэракту, перадае карэспандэнт РИА Новисти.

У аэрапорце ўведзены рэжым ўзмоцненага прапускнога кантролю: увесь багаж правяраюць пры дапамозе спецыяльнага дэтэктара. Цераз тое, што такі дэтэктар толькі адзін — для двух уваходаў аднаго крыла, вялізныя чэргі аж да вуліцы ўтварыліся ля уваходаў.

Крыніца ў расійскіх праваахоўных органах распавёў РИА Новости, што спецслужбы РФ былі загадзя папярэджаныя аб магчымасці тэракту ў маскоўскім аэрапорце, але перадухіліць трагедыю не змаглі: "У спецслужбу паступіла інфармацыя пра тое, што ў адным з маскоўскіх аэрапортаў, магчыма, будзе здзейснены тэрарыстычны акт. Аператыўнікі шукалі трох падазраваных, але тым бесперашкодна ўдалося прабрацца на тэрыторыю аэрапорта, адсачыць момант выбуху, які зрабіў іх саўдзельнік, і пакінуць аэрапорт".

Уся зала на другім паверсе "Дамадзедава", дзе тэрарыст прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне і знаходзіліся сустракаючыя, залітая крывёй. На дадзены момант на месцы, дзе працуе следчая група, знаходзяцца 17 целаў загінулых.

Выбітае шкло, навокал раскіданыя асабістыя рэчы загінулых і пацярпелых, валяюцца перакуленыя вазкі для перавозкі рэчаў, усё пакрыта пластом пылу, які асеў у выніку выбухной хвалі.

На першым паверсе таксама пабітае шкло ліфтаў і аўтаматычных дзвярэй, іх выбівалі людзі, якія выбягалі ў паніцы з будынка.

Зона блакаваная супрацоўнікамі міліцыі, на месцы працуюць крыміналісты, якія бяруць ўзоры, а таксама фатаграфуюць рэчы і целы загінулых.

Мяркуючы па характары выбуху, бомба была начыненая металічнымі элементамі, бо ўся зала, калідоры, лесвіцы залітыя крывёй параненых, перадае РИА Новости.

Колькасць ахвяраў тэракту ў "Дамадзедаве " ўзрасла да 35 чалавек, паведаміла журналістам прэс-сакратар аэрапорта Алена Галанава. Больш за 50 чалавек шпіталізаваныя ў маскоўскія лякарні.

Правяраецца датычнасць да выбуху ў аэрапорце "Дамадзедава" ўдзельнікаў паўночнакаўказскага бандпадполля. Паводле папярэдніх звестак праваахоўных органаў, смяротнік, які  здзейсніў выбух, з'яўляецца выхадцам з Паўночнага Каўказа.

Нагадаем, у выніку тэракту, што адбыўся ў "Дамадзедаве", загінулі 35 чалавек, больш за 130 атрымалі раненні. Магутнасць выбуховай прылады склала ад 5 да 10 кг у трацілавым эквіваленце.

Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу "Тэракт".

Як паведаміла Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, на цяперашні момант інфармацыі пра грамадзянства загінулых і раненых няма. Падтрымліваецца пастаянная сувязь з беларускім консульствам у Маскве, а таксама з кампетэнтнымі расійскімі службамі.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведеў правёў аператыўную нараду па сітуацыі ў "Дамадзедаве" з удзелам генпракурора, кіраўнікоў Следчага камітэта і Мінтранса.

Ён даручыў міністру транспарта Ігару Лявіціну ўвесці адмысловы рэжым ва ўсіх аэрапортах і на транспартных вузлах Расіі.

Паводле папярэдніх звестак, выбуховую прыладу, якая спрацавала сёння ў маскоўскім аэрапорце "Дамадзедава", падарваў тэрарыст-смяротнік.

Рэйсы ў "Дамадзедаве" затрыманыя, пасажыраў, якія прайшлі рэгістрацыю, не дапускаюць у зону пашпартнага кантролю, паведаміў РІА Новости відавочца.

Зона прылёту міжнароднага тэрмінала ачэпленая міліцыяй. Пасажыраў, што выходзяць з зоны выдачы багажу, просяць неадкладна пакінуць аэрапорт.

Колькасць ахвяраў тэракту, паводле апошніх звестак, дасягнула ўжо 31 чалавека. Пра трагічнае здарэнне паведамілі прэм'еру Уладзіміру Пуціну.






Фота: РИА "Новости"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі