Колькі насамрэч каштуе долар

Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі рэальна каштуе долар у Беларусі. Для гэтага мы звярнуліся да інтэрнэт-гандляроў, агентаў па нерухомасці, прадпрымальнікаў, якія вядуць разлікі ў доларах. Афіцыйны курс нацбанка Беларусі на 4 лістапада - 2 121 рубель за долар, а ў абменніках "зялёныя" можна набыць ад 2160 рублёў. Тым часам мінскія прадпрымальнікі паміж сабой разлічваюцца па курсе 2150-2200. Аб гэтым нам паведаміў старшыня рады аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка: У прадпрымальнікаў разлік ідзе па 2150-2200 рублёў.

У інтэрнэт-крамах прыкладна такое ж становішча.

Інтэрнэт крама “BBK”: У нас курс 2170, але шмат хто ўсталёўвае на 2200.

А вось з агенцтвам нерухомасці "Гадзіна пік" можна расплаціцца танней - па 2135 за долар.

"Гадзіна пік": Мы прымаем па нацбанку - 2135.

Але гэта ў Мінску, дзе ў папярэднія тыдні не было недахопу долараў. А якая сітуацыя ў рэгіёнах, напрыклад, у Брэсце, спытала Еўрарадыё прадпрымальніка Віктара Шчакоўскага.

Віктар Шчакоўскі: Долары з'явіліся. Учора купляў па 2160. Але паміж прадпрымальнікамі разлік ўсё роўна па 2200, таму што ніхто не верыць у стабільнасць і чакае абвалу.

У Баранавіцкіх абменніках не хапае дробязі, відаць, не апошнюю ролю у гэтым адыгралі валютчыкі, якія купляюць долар даражэй за банкі, аж па 2150 супраць 2135, перадае наш карэспандэнт Іван Юрашчык.

Іван Юрашчык: У Баранавічах з набыццём валюты ўсё яшчэ ёсць праблемы. Нават калі хочаш здаць долары і атрымаць рэшткі з вялікай купюры, можаш сутыкнуцца з тым, што дробязі ў касе няма. Затое ў валютчыкаў ёсць замежныя грошы ўсялякай вартасці. Увогуле ж, здаць долары ў банк можна па 2135 рублёў, а набыць па 2163. Дарэчы валютчыкі бяруць долары даражэй: па 2150 рублёў.

Таксама завезлі долары у Магілёў і Віцебск, пра гэта нам распавялі нашыя карэспандэнты Юрась Вітальеў і Ядвіга Сташэўская.

Юрась Вітальеў: У Магілёве даляры з'явіліся. Курс пакупкі ва ўсіх банках аднолькавы - 2163 рубля. А пазбавіцца ад валюты можна у інтэрвале 2121-2135 рублёў за долар. З'явіліся валютчыкі, але іх няшмат.

Ядвіга Сташэўская: Даляры ў Віцебскіх абменніках з'явіліся, але хутка разыходзяцца. Набыць суму больш за 100 долараў амаль немагчыма. Актывізаваліся валютчыкі.

Выглядае на тое, што сітуацыя нармалізавалася ды намінальны курс долара супадае з рэальным. Але прадпрымальнік Анатоль Шумчанка папярэджвае, што "спаць спакойна" можна толькі да Новага году. Потым курс папаўзе ўверх.

Анатоль Шумчанка: Да Новага года ўсе могуць спаць спакойна, таму што курс долара альбо будзе падаць, альбо застапарыцца, таму што людзі будуць скідваць валюту. Але ўжо пасля святаў, на маю думку, курс паднімецца да 2250-2300 рублёў за долар.

Фота "STOCK PHOTOGRAPHERS CLUB"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі