Колькі студэнты б заплацілі за навучанне ў прывязку да інфляцыі?

За акцыю “За стабільнае падвышэнне коштаў на навучанне” падпісаліся 150 чалавек, але мэта арганізатараў сабраць 10 тысяч подпісаў і накіраваць да прэзідэнта. У акцыі ўдзельнічаюць студэнты БДУ, БарДУ, БДУІР ды іншых ВНУ. 

Пад петыцыяй актыўна падпісваюцца карыстальнікі сацсетак — студэнты дзённай і завочнай формы навучання. Але разбірацца ў сутнасці акцыі мала ў каго хапае цярпення.

“На першым курсе за навучанне я плаціў 1,9 мільёна за год, а цяпер я плачу 2,1 мільёна за паўгода. Цяпер я на трэцім курсе. За мінулы год мо тры разы падымаліся кошты. Я не ўнікаў у разлікі”, — кажа студэнт 3-га курса БДУІР Аляксандр.

А дарма! Арганізатары прыводзяць на сваім сайце звароту нават формулу, паводле якой можна вылічваць кошт навучання з улікам інфляцыі рэальнай і прагназаванай. Але незадача: у саміх разліках памыліліся арганізатары акцыі і не ўлічылі, што інфляцыя на канец года і на пачатак розная. Калі хаця б проста ўсё ўзяць памножыць і падзяліць, як прапаноўваюць яны, дык атрымліваецца зусім іншая лічба! Мо не хапае нейкага матэматычнага знака? Ці нашыя разлікі памылковыя?

Сутнасць акцыі завязана на прагназаванай і рэальнай інфляцыі, менавіта да яе прапаноўваюць прывязаць рост кошту на навучанне. Але ніводзін з прыхільнікаў акцыі назваць прагнозны ўзровень інфляцыі на 2013 год не можа!

“Не ведаю, мо 12%?” — кажа студэнт Аляксандр пра крызісны 2011 год, калі інфляцыя складала 108%!

“Бессэнсоўна мяне пра гэта пытацца — я не ведаю”, — кажа яшчэ адзін “платнік” з БНТУ Алесь, які таксама за акцыю.

Зараз кошт на навучанне залежыць ад тарыфнай стаўкі. Але калі браць ва ўлік інфляцыю прагназаваную і рэальную, якія, дарэчы, амаль заўсёды супадаюць у нашым стабільным каралеўстве, дык сумы атрымаюцца не вельмі аптымістычнымі.

Да прыкладу, калі ўзяць інфляцыю за 2011 год, тады яе ўзровень амаль у 10 разоў перавысіў прагнозы. Калі арыентавацца на інфляцыю крызіснага года, дык за год навучанне павінна было б падаражэць не на тры мільёны як гэта атрымалася ў БДУ ў 2011 годзе, а адразу на шэсць! А вось у 2012 годзе студэнты ад інфляцыі выйгралі б: кошт навучання з 9,3 мільёнаў вырас да 13! Калі б рост коштаў ішоў разам з інфляцыяй навучанне б падаражэла толькі да 11 мільёнаў. 

На жаль, узяць каментар у саміх арганізатараў не ўдалося, бо яны ананімныя і баяцца рэпрэсій ад кіраўніцтва ВНУ, дзе яны вучацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі