Кошты на бензін зноў растуць: на АЗС “Беларуснафты” — плюс 2 капейкі
Рознічныя кошты на маторнае паліва ўзрастаюць на аўтазапраўках “Беларуснафты”. Як паведамляе TUT.by, з 27 студзеня на гэтых АЗС дызельнае паліва даражэе на 1 капейку, а бензін — на 2 капейкі. Такім чынам, кошты будуць такія: АІ-92-К5-Еўра — 1,43 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,54 рубля, ДП — 1, 54 рубля.
У канцы 2018 года старшыня канцэрна “Белнафтахім” Адрэй Рыбакоў падчас наведвання “Нафтана” сказаў, што ў Беларусі магчымае зніжэнне рознічных коштаў на маторнае паліва. Аднак пасля новага года гэтага не адбылося. Праўда, на АЗС “Беларуснафты” з 3 студзеня знізілі кошт на дызпаліва на 1 капейку і на бензіны — на 2 капейкі. Цяпер “старыя” кошты зноў вярнуліся. Зніжэнне коштаў было і на АЗС “Лукойл”.