Кошты на жыллё ў Беларусі будуць расці і далей

Гаворачы пра кватэры, сёння людзі часцей кажуць “мару” замест “будую” ці “набываю”. За апошнія 5 гадоў цэны выраслі больш чым у тры разы.

Эксперты сцвярджаюць, што бум коштаў на жыллё скончыўся, таму што бум ёсць бум: ён не можа працягвацца доўга. Гаворыць старшыня Савета беларускай асацыяцыі “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў:


Тэмпы росту коштаў на жыллё ў Беларусі і ў Мінску знізіліся. Хуткімі яны былі ў 2005 годзе, і гэта працягвалася недзе да красавіка 2006-га. Але тэндэнцыя захавалася, цэны ўсё ж такі растуць. Возьмем сярэднюю тыповую аднапакаёвую кватэру - 33 м2 у 9-павярховым доме. Сёння 1 м2 там каштуе прыкладна 1500 долараў. То бок уся кватэра вам абыдзецца недзе ў 50 000 $


З ГІСТОРЫІ ПЫТАННЯ

У 1999 годзе кошты на кватэры пачалі зніжацца. Яны дасягнулі свайго мінімуму ў жніўні 2001 г. Тады 1м2 каштаваў 280-300 $, а сярэдняя аднапакаёўка - да 10 000 у.а. І ўжо з верасня цэны сталі павялічвацца. За2002 г. яны скокнулі адсоткаў на 20. За наступны - на 30 %, потым на 38%. Пасля наступіў бум, і аднапакаёўка каштавала ўжо прыкладна 34 000 у.а. То бок за гэты час аднапакаёўка падаражала на 24 000 $.


Пачуўшы такія лічбы, чалавек губляецца. Ці гэта нармальныя кошты? І калі бум скончыўся, а сітуацыя стабілізавалася, то як можна марыць пра кватэру? Пашчасціла тым, хто пачаў будавацца ў 1999-2000 гг., калі кошты “стаялі”.


Сяргей: "Я ўступіў у камерцыйнае жыллё, не браў аніякага крэдыта. Пазычаў грошы, дапамагалі бацькі. Так я пабудаваў 1-пакаёвую кватэру за тры гады за 16 000 $ на той час. Пасля пачаў рабіць рамонт і зразумеў, што аднапакаёўкі мне мала. Я прадаў яе лёгка і хутка, грошай выйграў утрая больш. Крыху дадаў грошай і набыў двухпакаёвую. Мне пашанцавала, бо ў маёй дамове было прапісана, што кошт квадратнага метра не змяняецца да канца будоўлі".


Да праблемы коштаў на жыллё ёсць такі падыход. Па ўсіх нормах і правілах рашэнне жыллёвай праблемы ідзе нармальным тэмпам тады, калі сярэднемесячны заробак прыкладна роўны кошту квадратнага метра жылля. У Мінску камерцыйны кошт “квадрата” зараз 1500 $. І пры гэтым сярэдні заробак складае толькі каля 300 $. Эксперты тлумачаць гэта тым, што колькасць прапанаваных кватэр памяншаецца. Ці ёсць надзеі на змены? Слухаем прагноз Мікалая Прасталупава:


"Аптымізму няма. Калі колькасць прапаноў кватэр будзе памяншацца, то кошты будуць расці, бо ўсё роўна будзе катэгорыя грамадзян, для якіх жыллёвае пытанне жыццёва важнае, і якія будуць набываць кватэры і за 1500, і за 2000 $ за квадратны метр. Імгненна жыллёвы комплекс не падняць. Трэба будаваць удвая больш".


Зараз, у студзені, колькасць выстаўленных на продаж кватэр удвая меншая за тую, якая была летам. Попыт жа, наадварот, пастаянны і вялікі. Такая тэндэнцыя назіраецца ва ўсіх краінах, дзе не хапае жыллёвага фонду. Бліжэйшы прыклад - Расія, дзе, як і ў нас, пры росце заробкаў, дабрабыту, жыллёвы фонд застаўся замарожаным і не развіваўся год дваццаць.


З праблемай коштаў на жыллё вам дапамагала разбірацца Кацярына Буланава, Еўрапейскае радыё для Беларусі.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

А колькі каштуе жыллё ў суседніх краінах?

“Хрушчоўка” у Маскве каштуе сёння 70 000 $. Сярэдняя звычайная аднапакаёвая кватэра ў шматпавярховым доме - 130-140 000 долараў. Столькі ж каштуе кватэра ў Парыжы ці Лондане. На гэтыя грошы можна лёгка набыць двухпакаёвую кватэру ў Празе і двух- ці нават трохпакаёўку ў Варшаве. У Кіеве аднапакаёвая кватэра каштуе каля 70 000 долараў, у Вільні крыху менш - 65 000. У Берліне - 40 - 60 000 $.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі