Кошты ў гатэлях для беларусаў павялічацца?

Міністэрства спорту і турызму нарэшце заўважыла, што кошты на пражыванне ў гатэлях для замежнікаў і беларусаў розныя, і вырашыла іх ураўняць.
Сёння розніца ў коштах у гатэлі “Турыст” складае 13 тысяч. Беларус плаціць за нумар 75 тысяч, замежнік — 88. На думку намесніка міністра Чэслава Шульгі, гэта не адпавядае міжнародным стандартам і з’яўляецца дыскрымінацыяй у адносінах да турыстаў з-за мяжы. Чыноўнік лічыць, што калі кошты стануць аднолькавымі, то гэта паўплывае на развіццё гатэльнага бізнэсу.

Шульга: Калі нейкая паслуга даступная для ўсіх, кошт мусіць быць аднолькавы і адрознівацца толькі па крытэру дарослы/дзіця/пенсіянер.

Калі сёння ў Беларусь прыязджае іншаземец з Польшчы ці Літвы і бачыць вышэйшы кошт, то яму прасцей зняць кватэру, дзе розніцы няма, ці праехаць далей да іншай краіны, дзе тая паслуга больш якасная і танная.

Натуральна, што зраўноўвацца кошты будуць у бок падвышэння для беларусаў. Такая ініцыятыва ўжо накіраваная ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але там кажуць, што на гатэлі яны мала ўплываюць.

Супрацоўнік міністэрства ЖКГ: У Мінску, напрыклад, толькі 2 гатэлі, якія падпарадкоўваюцца нам. Астатнія — прыватныя ці напаўпрыватныя. Яны нават нас слухаць не будуць, калі мы будзем дыктаваць ім нейкія кошты.

Цікава, што большасці гатэляў ідэя Мінспорту не падабаецца. У адным з іх нам распавялі, што шмат дзе большасць кліентаў — нашыя суайчыннікі, гатовыя жыць у гатэлі, калі ён не адпавядае міжнародным стандартам ці нават калі там няма гарачай вады. Таму ўздымаць шум, а тым больш ураўноўваць кошты не варта. Маўляў, ніхто з замежнікаў на іх не скардзіцца, а большасць нават не ведае, што ў прэйскуранце ёсць розніца.

Супрацоўнік гатэля: Кошт для грамадзянаў Беларусі абмяжоўваецца па росце 0,5% у месяц. І гэта, напрыклад, нягледзячы на тое, што энерганосьбіты могуць вырасці на 20%. Таму аказанне паслуг беларусам прыносіла нам страты, і мы выжывалі дзякуючы замежнікам. І я лічу, што гэта правільна, бо заробкі беларусаў значна ніжэйшыя.

Аднак у сталіцы існуе 4-зоркавы гатэль “Мінск”, дзе заўсёды кошты для беларусаў і замежнікаў былі роўныя. Яго намеснік дырэктара Вольга Трухан распавядае, наколькі эфектыўна працуе палітыка роўных коштаў:

Трухан: Сабекошт гатэльнага бізнэсу не вельмі высокі, і кожны гатэль сам вырашае, за колькі ён можа прадаць свае паслугі. У нас яны прадаюцца (і добра прадаюцца!), таму мы наадварот думаем: ці не падняць кошт? І не проста кошт падымем, але якасць палепшым.

Але не толькі гатэлі прапануюць замежнікам і беларусам розныя кошты. Такая ж сітуацыя і ў музеях. Ініцыятар ўраўноўвання Чэслаў Шульга ўпэўнены, што там кошты на квіткі таксама павінны быць аднолькавымі. Аднак, напрыклад, у музеі Вялікай Айчыннай вайны лічаць гэта бессэнсоўным:

Супрацоўніца музея: Мы што, павінны непакоіцца за замежнікаў? Беларусы не могуць плаціць больш, бо мы бедныя. Чаму б турыстам з-за мяжы не пакінуць больш высокія кошты? Хаця і зараз-то розніца там усяго ў 3 тысячы.

Фота - www.kartaminska.by.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі