Крама oz.by папрасіла прабачэння за кнігу "Абарона Данбаса" (фота)
Прапанова аб продажы кнігі Міхаіла Палікарпава "Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў - жах бандэраўскай хунты" з’явілася на сайце oz.by 20 жніўня.
Гэта хутка пачалі абмяркоўваць у сацыяльных сетках. “Больш не буду карыстацца паслугамі гэтай крамы”, - абяцала пераважная большасць перапосціўшых навіну аб з’яўленні гэтай кнігі ў продажы ў Беларусі. У выніку раніцай 21 жніўня кніга Палікарпава з сайта oz.by знікла. Пазней у сваім твітары крама прынесла прабачэнні кліентам.
"Сябры. На сайт ўчора трапіла адна паганая кніга. Трапіла па глупстве. Такой "літаратуры" у нас больш не будзе. Прыносім свае прабачэнні", - гаворыцца ў пасце.
Нагадаем, што Ігар Стралкоў – гэта псеўданім экс-міністра абароны так званай Данецкай народнай рэспублікі Ігара Гіркіна. Украінскія ўлады абвінавачваюць яго ў тэрарызме, СБУ абвесціла ў вышук.