“KRIWI” рыхтуюць клубны альбом і вяртаюцца на сцэну

А яшчэ лідэрка гурта Вераніка Круглова вывучае эканамічную нямецкую мову і ладзіць перформансы з маленькімі дзеткамі. Як стала вядома Еўрарадыё, пасля шматгадовага перапынку гурт “KRIWI” працуе над запісам новага альбома і збіраецца ўзнавіць канцэртную дзейнасць. Вераніка Круглова выглядае вельмі шчаслівай:

Вераніка Круглова: “Мы зараз запісваем новы альбом, пакуль думаем над яго назвай. “KRIWI” набірае абароты: рыхтуемся да тура, збіраемся актыўна займацца канцэртнай дзейнасцю. Я вельмі шчаслівая”.

Склад “KRIWI” па-ранейшаму застаецца свабодна-інтэрнацыянальным, аднак над запісам альбома працуюць беларускія музыкі, сярод якіх некалі музыканты праекта “Калахари”  — Наста Хмель (Джамбібум, Happy3friends), Ігар Гарбачэўскі (Happy3friends), а таксама пляменніца Веранікі Валерыя Валадзько (Гаротніца) і родная сястра, спявачка Света Круглова.

Паводле словаў Веранікі Кругловай, новы альбом “KRIWI” будзе адрознівацца ад папярэдніх больш клубнай накіраванасцю, аднак без элементаў этна-музыкі, безумоўна, не абыйдзецца:

Вераніка Круглова: “Мы не здраджваем этна-музыцы, але стылістычна крочым у ногу з часам, таму хочам паказаць прыхільнікам модную, клубную музыку, разлічаную як на вялікія пляцоўкі, так і на клубы. Адбываецца музычны сінтэз”.

Нагадаем, што апошнія гады Вераніка жыве ў Берліне, гадуе маленькую дачку Дамініку. Апроч таго спявачка вырашыла вывучыць эканамічную нямецкую мову, бо для вядзення сваёй уласнай справы гутарковага ўзроўню недастаткова. Вераніка марыць прысвяціць сваё жыццё дзецям і музычнай педагогіцы.

Вераніка Круглова: “Я яшчэ тут працую педагогам. У мяне ёсць дзеткі, з якімі мы ладзім розныя музычныя перформансы. Я збіраюся далей працаваць у дзіцячым накірунку. Не скакаць жа да ста гадоў на сцэне!”

Бліжэйшы выступ Веранікі Кругловай і гурта “KRIWI” адбудзецца 30 траўня ў Берліне ў рамках Берлінскага карнавала культур.

Фота: www.belpunkt.de/kriwi

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі