Крымінальнай справы па наездзе машыны АМАП на дзяўчыну не будзе
Крымінальнай справы з нагоды бабруйскага інцыдэнту не будзе з-за адсутнасці заявы пацярпелай.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
Здарэнне адбылося 29 чэрвеня ў Бабруйску на святкаванні Дня горада. Падчас паказальных выступаў супрацоўнікаў АМАПа міліцэйскі мікрааўтобус "Газель" заехаў у натоўп гледачоў. Пацярпела адна дзяўчына, у якой была паламаная нага.
Паводле вынікаў экспертызы, кіроўца машыны быў цвярозы, аўтамабіль знаходзіўся ў спраўным стане. Таксама стала вядома, што муж пацярпелай працуе ў АМАПе.
Як інфармавала Еўрарадыё, пацярпелая дзяўчына павінна была гуляць ролю злачынцы падчас выступаў супрацоўнікаў АМАП.