Кулінковіч прапанаваў напісаць “Калыханку” замест Раінчыка

Каму Васіль Раінчык даручыць спяваць новую версію “старой” “Калыханкі”, невядома. Між тым рокеры не супраць падарыць дзецям рок-версію песні перад сном Пэўны час таму кіраўніцтва БТ прыняло рашэнне зняць з эфіра “Калыханку” ў выкананні Ірыны Дарафеевай. Дзецям паабяцалі вярнуць старую песню на верш Генадзя Бураўкіна. Праўда, з некаторымі зменамі. Але што гэта будуць за змены, пакуль дакладна невядома. Апроч таго, што на песню зробяць новы мультфільм. Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар Дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм БТ Дзяніс Шпітальнікаў.

Дзяніс Шпітальнікаў: “Будзе цалкам новы мульцік намаляваны да песні”.

Але як высветлілася, вырашылі не абмяжоўвацца толькі мульцікам. Аўтара музыкі “старой” “Калыханкі” Васіля Раінчыка папрасілі зрабіць гучанне песні больш сучасным і перазапісаць твор з новым выканаўцам.

Дзяніс Шпітальнікаў:
“Будзе інструментал абноўлены і нехта новы будзе яе спяваць. Пакуль не ведаю, хто”.

Як ідзе праца над абнаўленнем інструментала, даведацца ў Васіля Раінчыка не атрымалася — ён не адказвае на тэлефанаванні. А пра тое, хто будзе выконваць новую версію старой “Калыханкі”, пакуль не ведаюць нават артысты Тэатра эстрады, які ўзначальвае кампазітар.

Як прызналася Еўрарадыё артыстка тэатра Іна Афанасьева, ёй Раінчык выканаць “Калыханку” пакуль не прапаноўваў. Але сама яна была б не супраць гэтага. Нават праспявала некалькі радкоў з яе.

Іна Афанасьева: “Нармальная вельмі “Калыханка” была. Пэўныя асацыяцыі ў людзей, калі яе чуюць, узнікаюць. І маленькае пакаленне будзе выхоўвацца на нармальнай музыцы”.

А вось для яшчэ аднаго артыста Тэатра эстрады — спевака Аляксея Хлястова — навіна пра тое, што песню ў выкананні “самой” Ірыны Дарафеевай знялі з эфіру, стала нечаканасцю.

Аляксей Хлястоў: “Для мяне гэта з’яўляецца сюрпрызам, тое, што вы мне зараз распавялі. Што знялі з эфіра. І тым больш — у выкананні Дарафеевай”.

Да яго таксама пакуль не звярталіся з прапановай выканаць “Калыханку”. Але, кажа, ён бы з задавальненнем памяняў амплуа героя-каханка на вобраз любячага бацькі. Тым больш, што у самога ёсць дзеці.

Аляксей Хлястоў: “Я працую ў якасці рамантычнага героя і спевака, які заўсёды спявае пра каханне. Але чаму б мне не адкрыць у сабе якасці працы з дзецьмі? Гэта, дарэчы, вузканакіраваная каляіна, якая не моцна занятая. А нашых дзяцей неабходна адукоўваць. А “Калыханка” — гэта добрая падстава, каб крыху адкрыцца дзецям з гэтага боку. У мяне ў самога ёсць дзеці і мне гэта было б прыемна".

А каб прадэманстраваць, як “Калыханка” можа гучаць у яго выкананні, Аляксей праспяваў яе. Так і столькі, колькі яе засталося ў памяці.

Еўрарадыё пацікавілася ў кіраўніка музычнай дырэкцыі БТ, ці не разглядалася пытанне аб абвяшчэнні конкурса на напісанне цалкам новай песні для “Калыханкі”. Як высветлілася, да самой ідэі конкурса на БТ ставяцца адмоўна.

Дзяніс Шпітальнікаў:
“З майго досведу — усе гэтыя конкурсы ні да чаго добрага не прыводзяць. Бо сапраўдныя прафесіяналы ў конкурсах не ўдзельнічаюць, а як іх можна абмежаваць і паводле якога прынцыпу? Значыцца, яны мусяць быць агульныя. А калі яны агульныя, то дзіўныя пачнуць прыходзіць прапановы ад народа”.

А вось ідэя цалкам кардынальна змяніць падыход да “Калыханкі” і даверыць яе напісанне, напрыклад, рокерам, у музычнай дырэкцыі ўвогуле не разглядалася. Такое, кажа кіраўнік дырэкцыі, ім нават у галаву не прыходзіла.

Між тым, рокеры былі не супраць паспрабаваць свае сілы ў гэтым. Напрыклад, лідэр гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч.

Аляксандр Кулінковіч: “Я б з задавальненнем паспрабаваў бы зрабіць што-небудзь. Мы даволі рознастылёвы гурт. Мы не абавязкова ладзім толькі роў і скрыгат гітарны. Можна зрабіць любую музыку. І ў свой час у нас быў вопыт — мы рабілі застаўкі для перадач абсалютна не ў нашым стылі. Нас там не ўзгадвалі, але такі вопыт у нас ёсць”.

Мае вопыт напісання песень для дзяцей і лідэр гурта N.R.M. Лявон Вольскі. І таксама быў бы не супраць нешта паспрабаваць напісаць. А лідэр гурта “Крама” Ігар Варашкевіч прызнаўся, што калісьці склаў калыханку для свайго сына. Мог бы паспрабаваць зрабіць гэта і для іншых дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі