Куляшоў: Супрацьстаяння паміж МУС і КДБ няма

На прэс-канферэнцыі ў Мінску журналісты папрасілі міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова патлумачыць, ці сапраўды існуе супрацьстаянне паміж яго ведамствам і КДБ. Ён упэўніў, што гэтага проста не можа быць.

Анатоль Куляшоў: “Па супрацьстаянні паміж МУС і КДБ аўтарытэтна вам заяўляю: не было гэтага супрацьстаяння, няма і быць не павінна!”

Хаця б, кажа, з-за таго, што КДБ забяспечвае контрвыведкавыя мерапрыемствы для Міністэрства ўнутраных спраў. І без гэтага праца міліцыянераў шмат бы згубіла. Таму ў дзвюх ведамстваў супрацоўніцтва, а не супрацьстаянне.

А што тычыцца так званай “паляўнічай справы”, калі супрацоўнікамі КДБ былі арыштаваныя “вялікія міліцэйскія начальнікі”, то, паводле словаў міністра, у яго няма звестак, што гэта справа была распачатая незаконна.

Анатоль Куляшоў: “Ніякіх дадзеных, якія б казалі пра тое, што гэтая крымінальная справа была распачатая незаконна, я не маю”.

І патлумачыў, што людзі, незалежна ад пасады, павінны жыць у адпаведнасці з законам, бо рана ці позна кожнае злачынства будзе раскрыта. Як, да прыкладу, выбух на святкаванні Дня незалежнасці ў Мінску 3 ліпеня 2008 года. Праўда, удакладніць, калі гэта хаця б прыблізна адбудзецца, не захацеў.

Анатоль Куляшоў: “Вось так адразу сказаць, што сёння, заўтра альбо паслязаўтра, альбо цягам гэтага года будзе злачынства раскрыта, я не магу. Злачынстваў, якія не раскрываюцца, няма. Таму пройдзе час, і я ўпэўнены ў тым, што гэта злачынства будзе раскрытае”.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў міністра, якія меры былі прынятыя ў дачыненні тых яго супрацоўнікаў, якія перашкаджалі працы журналістаў падчас мітынгаў на Кастрычніцкай плошчы 6 і 16 верасня мінулага года. Спачатку міністр паабяцаў удакладніць, якія вынікі мела ўнутранае расследаванне па гэтых фактах. А потым здзівіў заявай, што ніколі не бачыў, каб міліцыянеры нейкім чынам перашкаджалі журналістам працаваць.

Анатоль Куляшоў: “Колькі разоў я сам з’яўляўся ўдзельнікам розных і санкцыянаваных, і несанкцыянаваных мерапрыемстваў, і мне не даводзілася ні разу сутыкнуцца з тым, што супрацоўнік праваахоўных органаў сваім дзеяннем альбо сваім учынкам перашкодзіў законнай працы журналіста”.

І паскардзіўся на цяжкае жыццё ахоўніка парадку. Асабліва калі справа тычыцца журналістаў.

Анатоль Куляшоў: “Я павінен не толькі забяспечыць вам магчымасць працы, але я яшчэ павінен забяспечыць вам і бяспеку тады, калі вы працуеце на ўсіх гэтых мерапрыемствах!”

І прапанаваў выйсце з сітуацыі — не пісаць таго, што не трэба.

Анатоль Куляшоў: “У інтарэсах і вашых, і нашых захоўваць парытэтнасць у поглядах на асвятленне тых альбо іншых падзей — каб не пацярпець”.



Згодна са словамі міністра, каля 40% насельніцтва выказвае поўны давер супрацоўнікам нашых праваахоўных органаў. Але ён не хоча павышаць аўтарытэт яшчэ больш з дапамогай такіх фільмаў, якіх зараз шмат здымаюць у Расіі.

Анатоль Куляшоў: “Крыху глядзеў некаторыя фільмы, якія культывуюць дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў Расіі. Паглядзеўшы асобныя фільмы, я б не хацеў такой культывацыі ў сябе ў Беларусі”.

Фота: Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі