Кураціна ў Беларусі даражэе трэці месяц запар
Трэці месяц запар у Беларусі даражэе кураціна. Гэта заўважылі спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў (ФПБ), якія займаюцца маніторынгам коштаў на сацыяльна значныя тавары.
Намесніца старшыні ФПБ Алена Манкевіч заявіла: "Мы лічым гэтае павышэнне коштаў неабгрунтаваным і адрасуем дадзенае пытанне МАРГ і Камітэту дзяржкантролю. Паралельна правядзём уласнае "народнае" расследаванне".
Дарэчы, у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) раней таксама казалі, што падстаў для такога росту коштаў няма.
Акрамя кураціны, якая падаражэла на 18%, спецыялісты ФПБ заўважылі рост коштаў на бабовыя (22%) і прасяныя крупы (21%).
Паводле звестак Белстата, якія прыводзіць tut.by, у мінулым месяцы кошты на паўфабрыкаты з мяса птушкі выраслі на 6,4%, на курэй (у тым ліку бройлераў) — на 7,8%. Вытворцы тлумачаць гэта тым, што павялічыўся імпарт мяса птушкі ў Расію і адкрыўся кітайскі рынак для вытворцаў.