Лагвінец: ЕС можа зусім скасаваць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
У ходзе нядаўняга Мінскага форума кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей заявіў, што беларускія ўлады чакаюць поўнага скасавання санкцыяў.
Уладзімір Макей: “Мы спадзяемся, што на пасяджэнні Савета ЕС усе санкцыйныя абмежаванні ў адносінах да Беларусі будуць канчаткова прыбраныя”.
Палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што да поўнага скасавання абмежаванняў ЕС не саспеў. Хаця і не выключае такой магчымасці, як пэўны жэст з боку Еўрасаюза. Разам з тым аднаўленне санкцый у поўным маштабе эксперт лічыць малаверагодным.
Алесь Лагвінец: “Што хутчэй за ўсё здарыцца – гэта альбо захаванне сённяшняга стану, гэта значыць замарожванне візавых абмежаванняў, альбо ў той ці іншай форме нават іх скасаванне”.
Эксперт таксама прагназуе, што ЕС верагодна прыме пэўнае асіметрычнае рашэнне, у якім могуць быць новыя элементы. Праўда, цяжка прагназаваць, якія новыя элементы можа ўтрымліваць рашэнне. Нагадаем, што год таму візавыя санкцыі не былі размарожаныя ў дачыненні да пяці чалавек – старшыні Цэнтральнага выбарчага камітэту Лідзіі Ярмошынай, а таксама чатырох чалавек, якія на думку Еўропы маглі мець дачыненне да гучных знікненняў у Беларусі. Гэта Віктар Шэйман, Уладзімір Навумаў, Дзмітрый Паўлічэнка і Юрый Сівакоў.
Разам з тым, Алесь Лагвінец лічыць, што значнага прагрэсу па пяці ўмовах ЕС, вызначаных у кастрычніку 2009 года, не адбылося.
Алесь Лагвінец: “Прагрэсу вялікага не было. Але ёсць плюсы і мінусы”.
Пяць умоў ЕС, па якіх ад Беларусі перш за ўсё чакаўся прагрэс, гэта – заставацца краінай без палітычных зняволеных, гарантаваць свабоду выражэння для СМІ, супрацоўнічаць з АБСЕ па рэформе выбарчага права, палепшыць умовы працы няўрадавых арганізацый, гарантаваць свабоду сходаў і палітычных аб'яднанняў.
Палітолаг Андрэй Казакевіч адносна лёсу візавых санкцый пагаджаецца з Алесем Лагвінцом. Верагоднасць адмоўнага рашэння, на яго думку, малая.
Андрэй Казакевіч: “Бо апошні перыяд мы наадварот назіраем пэўнае паляпшэнне адносінаў Беларусі з ЕС, пазітыўныя выказванне розных прадстаўнікоў ЕС пра Беларусь, рэгулярныя кансультацыі і візіты адбываюцца”.
Прытым Андрэй Казакевіч таксама лічыць, што прагрэс Беларусі па пяці вызначаных умовах, быў нязначны.
Андрэй Казакевіч: “Рэальнага прагрэсу ў прынцыпе не шмат. Але справа ў тым, што апошнім часам мала хто-небудзь сур'ёзна ўзгадваў пра гэтыя пункты. Тэндэнцыя хутчэй такая, што беларускія ўлады нібыта пайшлі на пэўныя саступкі, зрабілі пэўную лібералізацыю, і гэтага дастаткова, каб, прынамсі, падтрымліваць неканфліктныя, збалансаваныя адносіны з беларускім рэжымам, і ставіць пытанне востра”.
У панядзелак-аўторак 16-17 лістапада карэспандэнты Еўрарадыё будуць з Бруселя асвятляць пасяджэнне Савета ЕС. Сачыце за навінамі і рэпартажамі на нашым сашым сайце і ў прамым эфіры.
Фота: AFP