Лазавік: У пераліку забаронаў для пікетаў не павінна быць пункта "і інш."

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік звярнуў увагу на вызначэнне месцаў, дзе забаронена праводзіць пікеты для збору подпісаў. Яны павінны быць вызначаны дакладна, кажа сакратар ЦВК.  Такая заява прагучала ў Брэсце падчас семінару з удзелам старшыняў тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій і намеснікаў кіраўнікоў усіх райвыканкамаў вобласці.

Лазавік: "Гэта была тэма для размовы. Я акцэнтаваў увагу ўсіх прысутных, каб разумныя былі рашэнні па вызначэнні месцаў, дзе забаронена праводзіць пікеты. Там сапраўды, калі пакінуць фармулёўку, як у Пружанах, то ў кожным месцы можна сказаць, што камусьці гэты пікет перашкаджае. Было прапанавана, каб пералік месцаў быў пэўным і завершаным. Каб "і інш." там не стаяла".

Нагадаем, Пружанскі райвыканкам вызначыў месцы, дзе забаронена збіраць подпісы на мясцовыя выбары. Так, падпісваць людзей нельга на ўваходах у будынкі мясцовага самакіравання, прадпрыемствы, арганізацыі, ўстановы аховы здароўя, культуры, адукацыі, гандлю. Да гэтых установаў зборшчыкам подпісаў нельга падыходзіць бліжэй за 20 метраў.

Самы цікавы апошні пункт, які забараняе збіраць подпісы “ў іншых месцах, дзе правядзенне пікета створыць перашкоды руху транспарту, пешаходаў і нармальнаму функцыянаванню арганізацый і ўстаноў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі