ЛДП выступіла супраць святкавання 7 лістапада
Ліберальна-дэмакратычная партыя выступіла супраць святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Вышэйшага савета і Цэнтральнага камітэта партыі.
ЛДП лічыць, што на дзяржаўным узроўні святкаванне 7 лістапада трэба адмяніць. "Гэта свята не нацыянальнага маштабу, а канкрэтнай палітычнай групоўкі — камуністычнай партыі. Яны могуць цалкам свабодна святкаваць і 7 лістапада, і дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. Але скажам шчыра — гэта карпаратыўнае, а не дзяржаўнае свята. Любая рэвалюцыя, у тым ліку і Кастрычніцкая, нясуць смерць, вайну і гвалт. Добрых рэвалюцый не бывае", — гаворыцца ў заяве.
У ЛДП адзначаюць, што лозунгі Кастрычніцкай рэвалюцыі так і не ажыццявіліся: "зямлі сяляне не атрымалі, а ляглі цэлымі паселішчамі ад голаду, холаду і тэрору вёскі; рабочыя не атрымалі заводы".
Таксама ЛДП заяўляе, што бальшавікі пайшлі на стварэнне савецкай Беларусі насуперак сваім адносінам да беларускага народа: "Яны вымушаныя былі стварыць БССР у піку тым палітычным працэсам, якія пачаліся на нашых землях яшчэ пасля рэвалюцыі 1917 года".
Падсумоўваючы гэта, ЛДП прапаноўвае альбо адмяніць дзяржаўнае святкаванне 7 лістапада, альбо перайменаваць яго на расійскі ўзор у Дзень прымірэння і згоды.