Леанарда Дзі Капрыа хоча сыграць і Пуціна, і Распуціна

Леанарда Дзі Капрыа хоча сыграць і Пуціна, і Распуціна

Амерыканскі акцёр Леанарда Дзі Капрыа заявіў, што хацеў бы сыграць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У інтэрв’ю нямецкай газеце Welt ён сказаў, што яму было б “вельмі, вельмі, вельмі цікава сыграць Пуціна”. Акцёр таксама адзначыў, што асабіста знаёмы з расійскім кіраўніком.

Па словах Дзі Капрыа, ён пазнаёміўся з Пуціным на форуме, прысвечаным выратаванню тыграў у Сібіры, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу ў 2010 годзе. Артыст удзельнічаў у ёй як прадстаўнік уласнага фонду, які падтрымлівае захаванне дзікіх драпежнікаў.

Дзі Капрыа дадаў, што яго ў прынцыпе зачароўвае гісторыя Расіі, і ён з задавальненнем сыграў бы і іншых расійскіх дзеячаў, у тым ліку Уладзіміра Леніна і Грыгорыя Распуціна.

На думку акцёра, сучасны кінематограф надае мінуламу Расіі недастаткова ўвагі, хоць там ёсць гісторыі “практычна шэкспіраўскага ўзроўню”, паведамляе ВВС.

За сваю кар’еру Леанарда Дзі Капрыа сыграў каля 30 розных роляў у кіно і на тэлебачанні. Яго пяць разоў намінавалі на прэмію “Оскар”, але ніводнага разу ён не атрымаў статуэтку. Цяпер яго зноў вылучылі на прэмію на ролю ў фільме “Выжылы”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі