Леанід Заіка: Яшчэ два месяцы - і Беларусь магла б застацца без валюты

У Беларусі забароненая перадаплата за пастаўкі імпартных тавараў. Гэта можа прывесці да таго, што яны знікнуць з крамаў. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў прычынах прыняцця такога рашэння і пацікавілася, як гэта паўплывала на беларускі бізнес.  Антыэканамічнымі называе захады Нацбанку Беларусі Аляксандр Патупа:

“Схема такой забароны, на мой погляд, антыэканамічная. Калі маецца на ўвазе, што яна сама па сабе эканоміць нейкія сродкі, гэта няпраўда”.

Як лічыць эканаміст, гэтыя захады ўдараць па бізнэсе, але не дапамогуць зэканоміць сродкі. Хаця праблема не толькі ў гэтым, бо, да ўсяго, яшчэ і цяжка атрымаць крэдыт на закупку тавару. І ўсё гэта падрывае старыя схемы, сказаў Еўрарадыё Аляксандр Патупа:

“Гэта проста падрывае тыя схемы, якія пабудаваныя на аснове дэпазітнай гарантыі ці перадаплаты. Але незалежна ад гэтага ўзніклі складанасці, бо звычайныя схемы з крэдытаваннем падвіслі ў паветры”.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін лічыць, што многія пастаўшчыкі не пагодзяцца на аплату па факце пастаўкі тавару, але беларускі бізнэс знойдзе іншыя схемы.
 
Аляксандр Калінін: “Забароненая перадаплата. Аплата ідзе толькі па факце пастаўкі тавара. Але па перадаплаце працуе шмат хто. Бізнэс адаптуецца, створыць новыя схемы, але гэта павялічыць выдаткі”.

Дык навошта ж гэтыя меры былі ўведзеныя? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў эканаміста Леаніда Заікі:

“Аналіз паказаў, што прадпрыемствы, прадчуваючы магчымую дэвальвацыю, пераўтвараюць свае грошы ў піва, нафтапрадукты, камплектуючыя, пазбаўляюцца ад рублёў. Не трэба іх асуджаць, бо яны таксама хочуць свае грошы ўратаваць. У такой сітуацыі фінансавага нездароўя, як у каханні, усё магчыма, усе спосабы добрыя”.

Пра тое, як пастанова Нацбанку паўплывала на самі кампаніі-імпарцёры, і як яны збіраюцца выходзіць з сітуацыі, Еўрарадыё пацікавілася на сталічным прадпрыемстве “Быттехторг”:

“Існуюць іншыя формы аплаты, праз акрэдытыў, але гэта дадатковыя выдаткі, якія мы будзем плаціць банкам, што будуць рабіць гэтыя плацяжы. На сённяшні дзень усе пераходзяць на перадаплату, і дамовіцца з людзьмі, асабліва з замежнікамі, на адтэрміноўку вельмі складана”.

Атрымоўваецца, што гэтая пастанова ўдарыць па фірмах, але дасць магчымасць зарабіць банкам. Цяпер валюту для разліку прадпрыемствам трэба купляць на біржы, таму з ёй таксама ўзнікаюць праблемы.  А яшчэ на падпісанне новых дамоваў з пастаўшчыкамі патрэбны час, і гэта можа сарваць навагоднія пастаўкі.

Большасць турыстычных фірмаў таксама працуе па перадаплаце. Няўжо беларусам цяпер давядзецца адпачываць на радзіме і забыць пра сонечны Егіпет і Турцыю, Еўрарадыё запыталася ў Алены Кійко, намесніка дырэктара мінскай турфірмы “Магелан”:

“Мы знайшлі магчымасць з партнёрамі дамовіцца. Ёсць магчымасць аплачваць заяўкі, па якіх ужо аказаныя паслугі людзям. Але ніякія нармальныя замежнікі не працуюць па факце, яны працуюць па перадаплаце. Нам яны фактар даверу ўключылі. А тое, што датычыцца эпізадычных партнёраў, з імі мы цяпер працаваць не можам”.

На дзяржпрадпрыемствах кажуць, што разлічваюцца пераважна па факце пастаўкі, а па некаторых пунктах паспелі зрабіць аплату да ўвядзення пастановы. Як будзе далей - невядома.

Некаторыя фірмы карыстаюцца сітуацыяй і спрабуюць падзарабіць. Калі б беларускі ўрад не адрэагаваў на тое, што валюта выцякае за межы, праз месяц у краіне застаўся б адзін долар, мяркуе Леанід Заіка:

“Тут выстаўляецца заслона тым аперацыям, якія не з’яўляюцца прафесійнымі і не суадносяцца са статусам фірмы, яе дзейнасцю. Калі нехта працуе, як акула на рынку — сёння купіў піва, заўтра каўбасу, паслязаўтра нешта яшчэ купіў, купі-прадай — то ў іх будуць праблемы. Яны проста пачнуць разумець, што трэба працаваць сур’ёзна”.


У калажы выкарыстанае фота з сайта trash.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі