Ленінскі суд сталіцы не дазволіў прывезці Аляксандра Казуліна ў Мінск

Праваабаронца Алег Воўчак не здолеў дамагчыся выкліку на разгляд сваёй справы палітвязня Аляксандра Казуліна. Суд Ленінскага раёна Мінску не задаволіў яго скаргу на пракуратуру. Нагадаем, 17 лютага мінулага года супраць Воўчака ўжылі фізічную сілу і слезацечны газ на ўваходзе ў Нацыянальны прэс-цэнтр, дзе кандыдат у прэзідэнты Казулін меў намер правесці прэс-канферэнцыю.

Праваабаронца накіраваў заяву ў пракуратуру з просьбай распачаць па гэтым факце крымінальную справу. Праз чатыры месяцы яму адмовілі. Перапіска з пракуратурай, а пасля і з судом, які не хацеў разглядаць скаргу Алега Воўчака, доўжылася паўтара года.

Праваабаронца распавёў Еўрарадыё пра тое, што сказаў у Ленінскім судзе сталіцы пасля чарговай адмовы.

Алег Воўчак: “Я сказаў, што справа палітычная. І вам, спадары юрысты, ёсць выбар: альбо абараняць закон, альбо абараняць гэтую ўладу. Думайце пра наступствы”.

Алег Воўчак кажа, што задаволены тым, што большую частку судовага паседжання гаворка ішла пра Алякандра Казуліна, хоць выклікаць яго ў якасці сведкі было адмоўлена.

Цяпер праваабаронца збіраецца звяртацца са скаргай у Мінскі гарадскі суд. Ён кажа, што ўжо склаў спіс з 90 суддзяў, якія перашкаджалі яму ў гэтай справе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі