"Лепшы фермер": "І на паспяховы бізнес знойдзецца свой бізун"

Еўрарадыё даведалася, чым дакладна займаюцца пераможцы конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2008 года” і дзякуючы чаму яны сталі лепшымі Сумеснае беларуска-італьянскае прадпрыемства “Рэлуі Бел” стала “Лепшым прадпрымальнікам у галіне вытворчасці спажывецкіх тавараў”. А вырабляе сумеснае прадпрыемства выключна жаночыя тавары. Пра гэта Еўрарадыё распавяла дырэктар “Рэлуі Бел” Ларыса Грыневіч.

Ларыса Грыневіч:
“Гэта тое, што вельмі любяць усе жанчыны, — памада, туш, румяны, пудра, цені, лакі, сродкі па дагляданні пазногцяў”.

Сярод беларускіх вытворцаў у сумеснага прадпрыемства, безумоўна, ёсць канкурэнты. Але лепшымі, на думку Ларысы Грыневіч, яны сталі таму, што выкарыстоўваюць імпартную сыравіну, уважліва сочаць за якасцю, і кошт у прадукцыі прымальны.

Ларыса Грыневіч: “Мы працуем з італьянскімі фірмамі-вытворцамі напрамую. Мы атрымліваем прадукцыю з Італіі, растаможваем і сертыфікуем яе. Адсочваем якасць, і таму ўсё у нас ідзе на вышэйшым узроўні. А кошты ў нас таксама вельмі памяркоўныя, нягледзячы на тое, што ўся сыравіна імпартная”.

Паводле слоў Ларысы Грыневіч, “Рэлуі Бел” і надалей не збіраецца здаваць першыя пазіцыі ў сваёй нішы. Вось толькі на пытанне, ці не зашкодзіць гэтаму імкненню праграма ўрада па імпартазамяшчэнні, дырэктар адказваць не захацела.

Яшчэ адно сумеснае прадпрыемства “Топ камфорт” з Гродзенскай вобласці журы прызнала “Лепшай арганізацыяй з замежнымі інвестыцыямі”. Як расказала Еўрарадыё адна з супрацоўніц “Топ камфорта”, кампанія вырабляе дарагія рэчы з камянёў паводле індывідуальных замоваў. Менавіта ў гэтым іх “фішка” і сакрэт поспеху.

Супрацоўніца “Топ камфорта”: “Мы займаемся натуральным і штучным каменем. Вырабляем падлогі, лесвіцы, каміны, стальніцы, барныя стойкі і гэтак далей. Мы працуем з дызайнерамі і вырабляем усё паводле індывідуальнай замовы заказчыка. У нас не такая вытворчасць, што штампуем тое і тое. Не. Як хоча заказчык, у якім выглядзе — так і зробім”.

Вось толькі каштуе гэта не танна. Пакуль, прызналася супрацоўніца “Топ камфорта”, замовы ёсць. Але на тэму, як у далейшым адаб’ецца на іх крызіс і барацьба праваахоўных органаў з уладальнікамі шыкоўных катэджаў, таксама вырашыла не разважаць.

Фермер з Магілёўскай вобласці Васіль Разумаў, дакладней, яго гаспадарка “Канстанцін”, стала “Лепшай фермерскай гаспадаркай”. Фермер выгадоўвае элітныя гатункі насення зерневых і зернебабовых культур. Лепшым стаў таму, што мае найбольшую ураджайнасць на гектар. Прычым, кажа Васіль Разумаў, карыстаецца толькі насеннем беларускай селекцыі.

Васіль Разумаў:
“Мы працуем ў асноўным, што тычыцца зерневых — жыта, пшаніцы і ячменю, гарох, лубін і іншыя культуры, гэта ўсё мясцовай, беларускай селекцыі”.

Да таго ж фермер вырошчвае па дзяржзаказе “піўны ячмень”. Праўда, тут карыстаецца насеннем з Нямеччыны.

Згодна са словамі Васіля Разумава, фермерам ён стаў для таго, каб ніхто ім не камандаваў і не загадваў, што і дзе садзіць. Каб была магчымасць жыць сваім розумам. Атрымліваецца: гаспадарка моцная, крэдыты паспяхова банку сплацілі, 12 найманых супрацоўнікаў. Спадзяецца, што і надалей ўсё будзе добра. Калі толькі людзі не паспіваюцца.

Васіль Разумаў: “Гэта бізун, які можа нас моцна пабіць у бліжэйшы час. Угаворваем, просім хлопцаў: “Спыніцеся! Ёсць для гэтага дзень — пасля заробку”. Стараемся яго выдаваць пасля таго, як справімся з асноўнымі сельгаспрацамі. Ну выпі ты дома, з жонкай! Бо матэрыяльна ж я не пакараю — у сям’ю нічога не прынясе. Скажа: “Навошта мне такая праца?!”

Дарэчы, пра заробак. У адрозненні ад калгасаў, дзе падчас жніва з грашыма “густа”, а ў астатні час “пуста”, у фермера людзі атрымліваюць каля 1 мільёна цягам усяго года.

Прыватнае экскурсійна-турыстычнае агенцтва “Сакваяж” з Брэста стала лепшым у сферы турызму, кажа яго супрацоўніца Наталля Бажко, дзякуючы таму, што кліентам фірмы заўсёды кажуць праўду пра ўмовы адпачынку.

Наталля Бажко: “Кожны раз, калі турысты вяртаюцца, мы апытваем людзей: што спадабалася, што не спадабалася, якія нараканні былі. І калі наступны чалавек прыходзіць і разгортвае каталог, мы заўсёды кажам праўду. Тут добры гатэль, але былі нараканні на пляж, дзесьці нязручны ўваход да мора. Мы ніколі такога не хаваем, мы заўсёды кажам праўду”.

Паводле Наталлі Бажко, высветлілася, што заўсёды, а падчас крызісу асабліва, важна казаць людзям праўду. Калі фірме давяраюць — кліенты ад яе не адварочваюцца. Відаць, і праўда нашаму ўраду ёсць шмат чаму павучыцца ў прадпрымальнікаў.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі