Лідэры БХД патрабуюць ад БТ абвяржэння і 100 мільёнаў рублёў

У Першамайскім судзе Мінску пачаўся працэс паводле пазову сустаршыняў аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага да Белдзяржтэлерадыёкампаніі ды аглядальніка БТ Андрэя Крывашэева. Партыйныя актывісты лічаць сябе абражанымі сюжэтам па тэлебачанні, інфармуе Радыё "Свабода". Падставай стаў сюжэт, паказаны 27 верасня ў перадачы “Панарама тыдня”, як рабіў Андрэй Крывашэеў. У судзе Крывашэеў не пагадзіўся з тым, што абразіў кагосьці з лідэраў БХД персанальна. Па яго словах, у сюжэце былі толькі меркаванні, якія агучвалі палітолагі, прадстаўнікі царквы і касцёлу наконт спробаў стварэння БХД.

Віталь Рымашэўскі сцвярджае, што насамрэч каментары альбо хлуслівыя па сутнасці, альбо штучна падабраныя. Напрыклад, вядомы дзеяч Расійскай праваслаўнай царквы Андрэй Кураеў у камэнтары для беларускага тэлебачання нібыта асуджае актывістаў БХД. Між тым пазней протадыякан Кураеў заявіў, што ягоныя словы вырваныя з кантэксту і насамрэч ён выказваўся пра “расійскіх лібералаў”, а нікога з актывістаў БХД увогуле не ведае.

Напрыканцы паседжання Рымашэўскі прапанаваў прадстаўнікам БТ “міравое пагадненне”: абвяржэнне абразлівых, на яго думку, звестак, грашовая кампенсацыя ў памеры 50 мільёнаў рублёў кожнаму з пазоўнікаў і пакрыццё судовых выдаткаў. Прадстаўнікі тэлебачання заявілі, што на такія ўмовы не згодныя.

Суддзя Вольга Багам’я прызначыла новае папярэдняе паседжанне на час пасля праваслаўнага Раства. Суддзя хоча выслухаць пазіцыю другога заяўніка — Паўла Севярынца, які сёння на суд не прыехаў, спаслаўшыся на хваробу бацькі і святкаванне Куцці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі