Літоўцы адпусцілі кіраўніка Следчага камітэта Мінска
Акруговая пракуратура Вільні спыніла дасудовае расследаванне ў дачыненні да Дзмітрыя Канапляніка.
“Па выніках праведзенага на працягу месяца праваахоўнымі органамі Літоўскай Рэспублікі разгляду па факце выяўлення патронаў у аўтамабілі начальніка УСК па г. Мінску акруговай пракуратурай г. Вільні прынятае рашэнне аб спыненні дасудовага расследавання ў дачыненні да яго і яго жонкі”, — паведамляецца на сайце Следчага камітэта. Дзмітрый Канаплянік вярнуўся ў Беларусь 20 кастрычніка. Паведамляецца, што ён ужо пачаў выконваць свае службовыя абавязкі.
Дзмітрый Канаплянік быў затрыманы літоўскімі мытнікамі 23 верасня за перавозку праз мяжу патронаў да агнястрэльнай зброі.
“Тэрытарыяльная мытня Мядзінінкая на трасе, якая вядзе ў Беларусь, затрымала аўтамабіль Honda CR-V, зарэгістраваны ў Беларусі, у якім пасля праверкі было выяўлена некалькі дзясяткаў 9-міліметровых патронаў “Luger”. На гэтым аўтамабілі вярталася з Літвы пара сярэдніх гадоў, грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, — гаварылася ў паведамленні літоўскага боку.
“Парай сярэдніх гадоў” аказаліся кіраўнік СК па Мінску Дзмітрый Канаплянік і яго жонка. Жонку літоўцы адпусцілі ў Беларусь два тыдні таму.