Літва дапаможа Беларусі з газам узамен на перанос АЭС

Літва пастараецца максімальна ўлічыць пажаданні Беларусі наконт газавага тэрмінала. Але гэта адбудзецца, толькі калі Беларусь прыме рашэнне аб месцазнаходжанні будучай АЭС, якое задаволіць і Літву. Пра гэта заявіў літоўскі міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас на сустрэчы з беларускім міністрам Аляксандрам Азярцом 22 чэрвеня, перадае партал Delfi.lt.

Беларусь сур'ёзна зацікавілася праектам будаўніцтва газавага тэрмінала ў Літве: яго аб'ёмам і магчымасцю будаўніцтва магістральных газаправодаў. Беларускі міністр не выключыў магчымасці ўдзелу Беларусі ва ўсіх гэтых праектах. "Мы, як і вы, хочам дыверсіфікаваць энэргетычныя крыніцы і зменшыць залежнасць ад расійскага газу", - адзначыў Аляксандр Азярэц.

Літоўскі міністр заявіў, што беларуская ініцыятыва важная літоўскаму боку, і двухбаковыя кансультацыі ў гэтай сферы працягнуцца. "Ужо сёлета мы прапануем Беларусі месца ў тэрмінале. Без сумневу, у пытанні тэрмінала мы гатовыя дапамагчы і, дыверсіфікуючы газавае спажыванне, пастараемся прыняць да ўвагі вашыя інтарэсы", - заявіў Арвідас Сякмокас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі