"Ліверпуль" ледзьве не выбіў "Чэлсі" з Лігі чэмпіёнаў

Першыя паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначыліся ў аўторак — "Чэлсі" і "Барселона". І калі іспанскі клуб усё вырашыў яшчэ ў першай гульні пасля хатняй перамогі 4:0 над "Баварыяй", дык клуб Рамана Абрамовіча ледзьве не быў спынены на сваім полі "Ліверпулем" (нагадаем, у першым матчы перамог "Чэлсі" з лікам 3:1).
"Ліверпуль" здолеў выйграць першы тайм — 2:0, аднак у другой палове гаспадары поля выйшлі наперад — 3:2. Госці аднак за некалькі хвілін забіваюць два мячы — 4:3. Узніклую надзею ў гульцоў "Ліверпуля" на поспех пахаваў прыгожым ударам Лэмпард — 4:4. І нават пасля гэтага госці маглі выйсці наперад, але мяч, які ляцеў у пусты кут варот, быў спынены абаронцам...

У іншай гульні "Баварыя" і "Барселона" згулялі ўнічыю 1:1. Аляксандр Глеб выйшаў на поле на 78-й хвіліне замест Іньесты. Пасля таго, як на 84-й хвіліне яго збілі на лініі штрафной, гулец "Баварыі" Лель атрымаў жоўтую картку.

У сераду гуляюць "Порту" — "Манчэстар Юнайтэд" (першы матч — 2:2) і "Арсенал" — "Вільярэал" (1:1).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі