Лорд Бэл: Імідж Беларусі ў Еўропе палепшыўся

Вядомы піяршчык распавёў Еўрарадыё, што працягвае супрацоўніцтва з нашай краінай. Прайшло амаль паўгода з моманту, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў кантракт з англійскім піяршчыкам лордам Цімаці Бэлам аб паляпшэнні знешняга іміджу Беларусі. Наколькі за гэты час палепшылася меркаванне замежнікаў пра нас?

Лорд Бэл у інтэрв’ю Еўрарадыё кажа, што яго супрацоўніцтва з беларускім прэзідэнтам працягваецца.

Лорд Бэл: Так, мы працягваем супрацоўнічаць.

ЕРБ: На ваш погляд, стаўленне Еўропы да Беларусі змянілася з моманту, калі вы пачалі працаваць?

Лорд Бэл: Калі паглядзець на рэзалюцыі Еўрапарламента, на прыпыненне дзеяння візавых санкцыяў, то трэба прызнаць: так, гэтае стаўленне палепшылася.

Палітолаг Юры Шаўцоў таксама лічыць, што імідж Беларусі за мяжой палепшыўся, але ў якасці аргументаў спасылаецца не на чыноўнікаў, а на СМІ.

Юры Шаўцоў: Безумоўна, палепшыўся. Больш нас не трактуюць практычна ў кожным заходнім СМІ як дыктатуру. З’явілася вельмі шмат пазітыўных публікацый пра Беларусь. Знікла такая маналітнасць негатыўных меркаванняў. Гэта выдатна. І тут, безумоўна, паспрыяў не толькі кантракт з лордам Бэлам, а ў прынцыпе змена нашых адносінаў з Захадам.

ЕРБ: А наколькі вялікая ў гэтай змене ўсё ж такі роля лорда Бэла?

Юры Шаўцоў: Безумоўна, гэта лорд, і піяр гэта толькі адзін з накірункаў яго дзейнасці. Гэта моцны палітык, але гэта толькі адзін палітык. Захад больш стракаты, там такіх палітыкаў шмат. Я думаю, што гэта не праца самога лорда Бэла, а гэта агульны трэнд.

ЕРБ: Вы казалі пра заходнія СМІ. А ў якіх краінах канкрэтна пра Беларусь пачалі пісаць добра?

Юры Шаўцоў: У Літве, напрыклад. Наконт Польшчы – там ўсё ж такі больш адмоўны тон. У Італіі з’явіліся станоўчыя публікацыі. У Злучаных Штатах менш, але таксама ўрэшце з’явіліся. У Францыі з’явіліся. Гэта такі глабальны накірунак: так ці інакш усе сталі пісаць пра нас не так адмоўна.

ЕРБ: Як мяркуеце, тон артыкулаў будзе і далей паляпшацца і Беларусь перастануць трактаваць як апошнюю дыктатуру Еўропы?

Юры Шаўцоў: Я думаю, перастануць, бо мы з гэтага курсу на збліжэнне з Захадам, які цяпер акрэсліўся, у бліжэйшыя часы не сыдзем. Хаця б таму, што нам патрэбны крэдыт МВФ і мы ўжо шмат чаго зрабілі, каб гэты крэдыт атрымаць і назад тут, як кажуць, дарогі няма. Таму я лічу, што па меры нашага далейшага збліжэння з Захадам колькасць адмоўных публікацый пра Беларусь будзе змяншацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі