Лукашэнка 12-годку падпісаў, а Рубінаў - “замарозіў”

Два гады таму прэзідэнт паставіў подпіс у Законе “Аб адукацыі” пад словамі “працягласць атрымання агульнай сярэдняй адукацыі – 12 гадоў”. Цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў “замаражвае” распрацоўку Кодэксу “Аб адукацыі”. На той падставе, што лёс 12-годкі пакуль не вырашаны. Як даведалася Еўрарадыё, Палата прадстаўнікоў павінна была разгледзець Кодэкс на вясновай сесіі. Мінадукацыі і дэпутаты ў шоку ад такога нечаканага павароту….

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч кажа, што працу над Кодэксам аб адукацыі прыпыніла Галоўнае прававое ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта.

- Яшчэ ў канцы мінулага года мы атрымалі заключэнне ад Адміністрацыі прэзідэнта, у якім прапаноўвалася прыпыніць працу над гэтым праектам, пакуль не будзе прынята канчатковае рашэнне пра лёс агульнаадукацыйнай школы, колькі гадоў там вучыцца. І пакуль іншага ліста, які б дапаўняў той ці адмяняў яго, мы не маем. Зараз праца вядзецца над іншымі сегментамі Кодэксу.
- А Кодэкс на якой стадыі цяпер знаходзіцца?
- Зараз ён у нас у парламенце, праект ужо падрыхтаваны амаль цалкам. Калі б ужо было прынята рашэнне, то пасля нядоўгай дапрацоўкі мы маглі б яго ўжо разгледзець у першым чытанні на бягучай сесіі.
- Наколькі вялікая верагоднасць, што дванаццацігодку адменяць?
- Я ўсё-ткі “ўнутры” думаю, што гэтага не адбудзецца. Рэформа блізіцца да завяршэння, і адмяняць яе не вельмі рацыянальна – і з эканамічнага пункту погляду, і з маральнага, і з усіх астатніх.

У сваім артыкуле Рубінаў піша і аб 10-бальнай сістэме адзнак. Ён сцвярджае, што яна нічым не лепшая за 5-бальную. Уладзімір Здановіч кажа, што адмяняць яе ніхто не збіраецца дакладна:

Уладзімір Здановіч: “Асабіста я стаўлюся да яе як да мінулагодняга снегу: ад яе ні цёпла, ні холадна. На якасць навучання і ўзровень ведаў яна не ўплывае. Яна не горш і не лепш за 5-бальную. Не, адмяняць яе ніхто не збіраецца”.

Мінадукацыі агучыла на сваім сайце сваю прынцыповую пазіцыю: адмова ад дванаццацігодкі – гэта “беспадстаўны пачатак новай рэформы…., якая прывядзе да неабходнасці перагляду ўсёй заканадаўчай базы”. У “СБ” першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рубінаў друкуе: не трэба арыентавацца на Захад ды іх сістэму адукацыі - у іх беспрацоўе.

Еўрарадыё задалося пытаннем, як можна адмяніць дванаццацігодку, калі з наступнага года па ўсёй краіне ўводзіцца пяцідзёнка. Уладзімір Здановіч кажа, што ўсё магчыма.

- Гэта складанае пытанне, але, у прынцыпе, магчыма ўсё (усміхаецца).
- Рубінаў заяўляе, што дванаццацігадовая сістэма навучання нічым не лепшая за савецкую адзінаццацігадовую…
- Савецкая школа была сапраўды добрай, яна давала цудоўныя веды. Але адначасова – прызнаем! – яна гробіла здароўе навучэнцаў. Дык вось для таго, каб знайсці разумны кампраміс, каб не згубіць якасць і не псаваць здароўе, неабходная ўсё-ткі дванаццацігадовая сістэма, тым больш, што мы пераходзім на пяцідзёнку.

Намеснік начальніка ўпраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская лічыць, што дванаццаты год адмяніць ужо немагчыма. Поўны пераход на пяцідзёнку – гэта апошні крок да дванаццаці год навучання.

Валянціна Маеўская: “Мы сёлета “завяршаем” дзесяцігадовую базавую адукацыю – больш за 98 тысяч выпускаюцца. Мы ўжо адпрацавалі дадатковы год, які быў уведзены ў сярэдняе звяно. Пытанне пра 12-годку на апошнім этапе, застаўся адзін крок”.

Начальнік упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Юрый Гладкоў, у размове з Еўрарадыё гаворыць, што вяртанне да 11-гадовай сістэмы навучання – гэта не пазіцыя Адміністрацыі прэзідэнта, а пазіцыя асобных людзей з Адміністрацыі.

Фота – www.univer.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі