Лукашэнка сустрэўся з Турчынавым на Гомельшчыне (відэа)

“Гэта былі вельмі карысныя перамовы. Мы абмяняліся меркаваннямі па ўсіх пытаннях. І я вельмі рады вынікам нашай сустрэчы. Мы паразумеліся па ўсіх праблемах і пытаннях, якія нас хвалююць”, — заявіў Лукашэнка журналістам у суботу па выніках сустрэчы ў Ляскавічах на Гомельшчыне.



“Мы можам спакойна сёння раз’ехацца ў Мінск і Кіеў і быць задаволенымі тымі дамоўленасцямі, якіх мы тут дасягнулі”, — цытуе Лукашэнку Interfax.by



Па словах беларускага кіраўніка, украінскі народ не павінен бачыць у беларусах “не тое што праціўнікаў, супернікаў, вы нават думаць так не можаце: мы заўсёды па-братэрску, па-чалавечы ставіліся да ўкраінцаў”.


“Вы павінны ведаць, што наша мяжа — гэта мяжа не раздзелу, а сяброўства. Вы ніколі не чакайце тут нейкіх нядобрых памкненняў з боку беларусаў. Нам гэта не трэба, вам гэта не трэба”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Ён дадаў, што калі паміж бакамі і былі нейкія непаразуменні, дык толькі ў сілу няправільнай інфармаванасці па тых ці іншых праблемах. “Я ўдзячны за тую шчырасць і тую цеплыню, якую вы змаглі прыўнесці ў нашу сустрэчу”, — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Аляксандра Турчынава.


 
У сваю чаргу выканаўца абавязкаў прэзідэнта Украіны распавёў журналістам пра важнасць развіцця сяброўскіх беларуска-ўкраінскіх адносінаў, якія будуць спрыяць умацаванню ўзаемадзеяння Беларусі і Украіны ў самых розных сферах.



“Украінцы і беларусы гэта не проста два суседнія народы, гэта братнія народы. І наша агульная гісторыя гэта даказвае. Для нас вельмі важна адчуць плячо дружалюбнага беларускага народа”, — прыводзіць словы Турчынава БЕЛТА.



Украінскі кіраўнік адзначыў, што яго краіна перажывае вельмі цяжкі час. “Мы ідзем па шляху стабілізацыі. Гэта нам цяжка даецца. Для нас велізарнай трагедыяй і праблемай стала акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым, агрэсія з боку, ад якога мы проста не маглі чакаць. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, Украіна ідзе па шляху стабілізацыі, адновіць разбураную эканоміку, якую мы атрымалі ў спадчыну. Мы забяспечым у сябе на радзіме, ва Украіне, сітуацыю, калі незалежна ад таго, дзе жыве чалавек — на ўсходзе, на захадзе, на поўначы, на поўдні ці ў цэнтры — ён будзе заўсёды абаронены дзяржавай”, — сказаў Аляксандр Турчынаў.



“Я вельмі ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу за цеплыню і адкрытасць нашай размовы. Для нас вельмі важная пазіцыя Прэзідэнта Беларусі, самой Рэспублікі Беларусь, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку трэцяй краіны”, — адзначыў Турчынаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі