Лукашэнка на мітынгу: Нават калі буду мёртвым, не дазволю аддаць гэтую краіну
"Нават калі я буду мёртвым, я не дазволю аддаць гэтую краіну", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня на мітынгу ў яго падтрымку на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
— Я паклікаў вас не для таго, каб вы мяне абаранілі. Я паклікаў вас, каб вы змаглі абараніць сваю незалежнасць, сваіх жонак, сясцёр і дзяцей, — эмацыйна прамаўляе чалавек, які паводле лічбаў ЦВК набраў 80,1% галасоў на прэзідэнтскіх выбарах 9 жніўня. Увечары гэтага дня на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі тысячы жыхароў, незадаволеных вынікамі галасавання, і ў іх паляцелі кулі і светлашумавыя гранаты.
— Вы хочаце свабоды?! — пытаецца Лукашэнка.
— Не!
— Вы хочаце перамен?!
— Мірных! — раптам выгукае нехта.
— Хочаце рэформаў? Скажыце, якіх, заўтра пачнём. Вы прасілі парадак — я яго навёў, — працягвае Лукашэнка.
— Літва, Латвія, Польшча і, на жаль, нашая родная Украіна, яе кіраўніцтва загадвае нам правесці новыя выбары! — крычыць з трыбуны Лукашэнка. На гэта цяжка глядзець. — Мы не мусім стаць санітарнай зонай паміж Усходам і Захадам. Мы не мусім стаць адхожым месцам для Еўропы!
Ён прыгразіў натоўпу, што той можа "загубіць не Лукашэнку, а першага прэзідэнта", і чамусьці сказаў, што "гэта будзе пачаткам вашага канца".
"Будзеце стаяць на каленях", — ужыў любімую фразу беларускі кіраўнік. А потым увогуле здарылася нешта дзіўнае: ён сказаў, што становіцца (упершыню ў жыцці!) перад натоўпам на калені. Але ўстаў толькі на словах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.