Лукашэнка незадаволены вынікамі беларусаў на Алімпіядзе-2010

Аляксандр Лукашэнка незадаволены вынікамі беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. Пра гэта беларускі лідэр заявіў 20 лютага ў Раўбічах, дзе праходзіла спартовае свята "Мінская лыжня". Па меркаванні Лукашэнкі, "не павінна было быць такога правалу ў хакеі на гэты момант". "Вельмі дрэнна гуляе каманда, няроўна. Праўда, са шведамі паказалі, што могуць гуляць... Гэта недахоп працы трэнерскага штаба, федэрацыі хакея", — прыводзіць меркаванне прэзідэнта Першы нацыянальны канал.

Таксама Лукашэнка прайшоўся па беларускіх лыжніках. "Зусім дрэнна працуюць лыжнікі. І гэта ж не першы год мы правальваем лыжню, не першую Алімпіяду. Няўжо нельга было адабраць 20-30 новых здольных лыжнікаў? Далідовіч-Далідовіч... Ён ужо сваё адбегаў. Дзякаваць Богу, што яшчэ выступае. А дзе яшчэ 20-30 лыжнікаў?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прадбачыў падобны выступ на Алімпійскіх гульнях, але спадзяваўся на лепшае. "Вось гэта лепшае і адбылося ў біятлоне", — падкрэсліў прэзідэнт, які ўзначальвае таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі