Лукашэнка пакрыўдзіўся на Ізраіль за абвінавачванні ў антысемітызме

Ізраільскі бок лічыць інцыдэнт вакол выказванняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным. Пра гэта падчас сустрэчы з рэдактарам газеты "Советская Белоруссия" Паўлам Якубовічам заявіў намеснік кіраўніка аддзела па Цэнтральнай Еўропе і Еўразіі МЗС Ізраіля Піні Авіві, паведамляе ізраільскае выданне "Haaretz". Якубовіч, нагадаем, прыбыў у Ізраіль на мінулым тыдні. На сустрэчы ў МЗС гэтай краіны ён заявіў, што словы прэзідэнта Беларусі аб яўрэйскім народзе варта разглядаць як "жартаўлівыя, несур'ёзныя", яны "не адлюстроўваюць сапраўднай пазіцыі ў адносінах да яўрэяў".

Паводле пераканання Якубовіча, заявы Лукашэнкі “можна расцэньваць па-рознаму, але не як антысеміцкія". Галоўны рэдактар "СБ" таксама зазначыў, што беларускі прэзідэнт "быў пакрыўджаны падобнымі абвінавачаннямі".

Нагадаем, 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ ў Мінску Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў.

Гэта ў асноўным яўрэйскі быў горад, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да таго месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжана трава была, як у Маскве, у расіян, беларусаў".

Словы прэзідэнта выклікалі крытыку з боку МЗС Ізраіля і яўрэйскай грамадскасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі