Лукашэнка пра Украіну: Захаду і Расіі трэба ўціхамірыцца (відэа)
Кіраўнік Беларусі ў часе візіту ў Клімавічы і сустрэчы з мясцовымі жыхарамі выказаўся наконт сітуацыі ва Украіне.
“Сітуацыя вельмі сур’ёзная, там трэба стабілізаваць абстаноўку. І Захаду, і Расіі трэба ўціхамірыцца і зразумець адно: мы ў найвялікшай адказнасці за гэты кавалак зямлі, бо там жыве ўнікальны народ, нашы людзі, славяне. І мы ў адказнасці за гэты народ, за яго культуры і за яго развіццё. Нельга дзейнічаць на знішчэнне дзяржавы і гэтага народу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік краіны падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне вельмі сур’ёзная. Ён адзначыў, што напярэдадні размаўляў з Аляксандрам Турчынавым: “Занепакоенасць вельмі вялікая. І яны, вядома ж, крыўдуюць на ціск звонку, кажуць, знутры бы справіліся, але ідзе адпаведны ціск, ведаеце, ад каго”, — адзначыў кіраўнік Беларусі.
“Ім дай бог перажыць прэзідэнцкія выбары 25 траўня, якія яны плануюць правесці, хоць гэта наўрад ці стабілізуе там абстаноўку”, — прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.