Лукашэнка ўсё ж паедзе на Чарнобыльскую канферэнцыю ў Кіеў
Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у мерапрыемствах да 25-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны пройдуць 20-22 красавіка ў Кіеве.
Пра гэта перадае БелаПАН са спасылкай на кіраўніка прэс-службы беларускага лідара Паўла Лёгкага. Па яго словах, цяпер вядзецца падрыхтоўка візіту Лукашэнкі ва Ўкраіну.
Нагадаем, раней паведамлялася, што кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу вылучыў умову свайго ўдзелу ў канферэнцыі ў Кіеве — адсутнасць на ёй Лукашэнкі. Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ўкраіны Сяргей Лёвачкін нават паспеў паведаміць журналістам, што Беларусь і Расія на канферэнцыі будуць прадстаўлены прэм'ер-міністрамі.
Дарэчы, Барозу 18 сакавіка пацвердзіў намер прыехаць у Кіеў.