Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам “За ўмацаванне міру і дружбы”

Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам “За ўмацаванне міру і дружбы”

Беларусь і Кітай выйшлі на якасна новы ўзровень міждзяржаўных адносін. Такі вынік афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіна 29 верасня ў Пекіне, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

“Мы сапраўды сур'ёзна прасунуліся ў нашым супрацоўніцтве. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць Вам асабіста за ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін”, — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка і Сі Цзіньпін “абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна больш актыўна выкарыстоўваць”. Размова на перамовах таксама ішла аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме, развіцці міжпарламенцкага дыялогу. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях «дарогай з больш інтэнсіўным рухам», узмацняць узаемную падтрымку.

“Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і падымаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер'е, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах»”, — заявіў Сі Цзіньпін.

Па выніках перамоў падпісана сумесная дэкларацыя «аб усталяванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам “За ўмацаванне міру і дружбы” за “вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі». Старшыня КНР «стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды”.

Дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Кітай працягнецца 30 верасня. Запланавана сустрэча з прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Акрамя таго, Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ і студэнтамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі