Лябедзька: АГП яшчэ не вырашыла, хто будзе ўдзельнічаць у праймерыз

Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра Палітрады АДС Анатоль Лябедзька даў папярэднюю згоду на ўдзел у праймерыз. Але як высветлілася, такой згоды палітык не даваў. Пра гэта Лябедзька заявіў у размове з Еўрарадыё. Анатоль Лябедзька: “Такой заявы я не рабіў, яе нехта зрабіў за мяне. Але мы ўвесь час — і ўчора, і сёння, і заўтра — выразна гаворым, што Аб’яднаная грамадзянская партыя і наш прадстаўнік абавязкова будзе прымаць удзел у праймерыз пры яго реалізацыі”.

Па словах Лябедзькі, АГП яшчэ не вырашыла, хто канкрэтна з сябраў партыі будзе вылучаць сваю кандыдатуры на ўдзел у праймерыз.

Анатоль Лябедзька: “Велізарная колькасць людзей, якія могуць удзельнічаць ад АГП. Нягледзячы на сітуацыю, якая ў нас здарылася з Ганчаром, Захаранкам і Карпенкам, у нас застаецца досыць доўгая лава і мы можам вылучаць людзей. Гэта можа быць і Раманчук, і Дабравольскі, і Пеціна, і Васіль Шлындзікаў, і Міхаіл Чыгір. Гэта толькі тыя людзі, якія ў нас так ці інакш абмяркоўваліся”.

Каб вырашыцца з кандыдатурай, кажа Лябедзька, яны планавалі правесці канферэнцыю з удзелам каля 130 актывістаў партыі. Але ніводнага з тых памяшканняў, якія АГП сабе намеціла, партыі не далі. Таму вызначацца з кандыдатурай будуць самым бліжэйшым часам нейкім іншым, чым канферэнцыя, чынам.

Нагадаем, працэдура праймерыз пройдзе ў студзені ў Оршы. З такой ініцыятывай выступіла мясцовая кааліцыя дэмсілаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі