“Лёгкаатлетычны Оскар” атрымалі Марыя Арзамасава і Андрэй Краўчанка

Урачыстая цырымонія па ўручэнні “Атлетыкі” (так афіцыйна называецца “лёгкаатлетычны Оскар”) прайшла ў чацвер, 19 сакавіка, у мінскім рэстаране IDOL. Як не звярнуць увагу на гэтую падзею! Пару тыдняў таму нацыянальная зборная цудоўна выступіла на чэмпіянаце Еўропы ў памяшканнях. З'явіліся сігналы да таго, што беларуская “каралева спорту” паўстае з попелу. Аднак у гэты дзень узнагароджвалі найлепшых спартсменаў па выніках мінулага года.

“Атлетыку” сярод жанчын уручылі Марыне Арзамасавай — чэмпіёнцы Еўропы 2014 года ў бегу на 800 метраў. Найлепшым лёгкаатлетам прызналі шматборца Андрэя Краўчанку — прызёра пекінскай Алімпіяды. У 2014 годзе ён таксама стаў чэмпіёнам Еўропы.

Прэстыжная ўзнагарода дасталася атлетам розных узроставых катэгорый. Па выніках узнагароджвання добра відаць, з якіх дысцыплінаў лёгкаатлеты могуць стрэліць у хуткім будучым.


Так у самай малодшай з прадстаўленых катэгорый уганаравалі кідальнікаў дзіды — Ганну Тарасюк і Валерыя Ізотава. Сярод юніёраў — Вікторыю Рашчупкіну (спартыўная хадзьба) і Дзмітрыя Набокава (скачкі ў вышыню).

Сярод моладзі (узрост да 23 гадоў) “Атлетыку” ўзялі Алена Собалева (кіданне молату) і Андрэй Чурыла (скачкі ў вышыню).


Найлепшымі трэнерамі прызналі Наталлю Шыколенку (кіданне дзіды), Уладзіміра Алейніка (скачкі ў вышыню), Валянціна Курдзюка (скачкі ў вышыню) і Ігара Сівадзедава (галоўны трэнер нацыянальнай лёгкаатлетычнай зборнай).  

Кіраўнік федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што калі меркаваць па апошніх выніках беларускіх лёгкаатлетаў, то маецца "добрая дынаміка росту".

Фота: bfla.eu; калаж зроблены паводле фота з сайтаў naviny.by і tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі