Людзі гараць як паходні, а міліцыя разводзіць рукамі

Трэцяга траўня ў звычайным мінскім доме па вуліцы Шугаева здарыўся незвычайны пажар. Выйшаўшы выкурыць цыгарэту, мінчук выпадкова пераўтварыўся ў паходню. Гэта не першы выпадак “людзей-паходняў”. На наступны дзень у Пружанскім раёне 51-гадовы мужчына адзін дома ўвечары апынуўся ў агні. “Еўрапейскае радыё” вырашыла разабрацца, ці не містычныя гэта здарэнні. Тым больш што міліцыя разводзіць рукамі.

Святлана Волчак, прэсавы сакратар мінскага гарадскога аддзялення МНС, паведаміла, што сітуацыя з падпальваннем у Мінску такая, “што ніхто не хоча пра яе гаварыць”:

“Памёр гэты мужчына пры невядомых абставінах у машыне “хуткай дапамогі”. Міліцыя пакуль не здольная даць дакладнай версіі”.

Па каментары Віктара Правілы, начальніка крымінальнай міліцыі Першамайскага раёну, выпадак вельмі падобны да звычайнага нядбайнага карыстання агнём. Але ж на месцы здарэння быў знойдзены невядомы падпалены прадмет:

“Побач была знойдзена запальнічка і нейкі невядомы апалены пластмасавы прадмет. На гэты момант толькі меркаванні: ці то самазагаранне, ці то няспраўная запальнічка, ці то пры сабе ў яго знаходзілася вадкасць, лёгкая на загаранне.

Быў знойдзены таксама апалены пачак з-пад цыгарэт. Мужчына быў апрануты ў цяльняшку і спартовыя нейлонавыя штаны, якія вельмі хутка загарэліся. Перадумоў да самагубства перад гэтым у паводзінах ні жонка, ні цёшча не заўважылі. Такім чынам для яго пачынаўся звычайны працоўны дзень”.


Небарака працаваў маляром, таму магчыма, што яго вопратка была насычаная нейкай лёгкай на загаранне вадкасцю. У лістападзе мінулага году ў горадзе Беразіно быў вельмі падобны выпадак: пенсіянер таксама выйшаў папаліць на лесвіцу. Працягвае Анастасія Клебан, прадстаўнік МНС Мінскай вобласці:

“Суседка пачула крыкі на лесвічнай клетцы. Адчыніла дзверы і ўбачыла мужчыну-пенсіянера, які палыхаў паходняй. Яна выліла на яго вядро вады, але мужчына ўсё ж такі атрымаў амаль 100-адсоткавы апёк цела. Па дарозе ў лякарню ён памёр”.

Як высветліла следства, чалавек загарэўся менавіта ў выніку небяспечнага карыстання агнём. Гаворыць Анастасія Клебан:

“Найбольш верагодная прычына – яго вопратка была насычаная нейкай вадкасцю, лёгкай на загаранне. Хутчэй за ўсё, раней ён праліў на сябе гарэлку. У доме няма аніякіх слядоў пажару. Сітуацыя вельмі падобная да мінскага выпадку. Напэўна, ён упусціў на сябе запалку ці цыгарэту, калі хацеў прыкурыць. У выніку – успыхнуў”.

Сітуацыю с самазапальваннем людзей можна трактаваць не толькі нядбайным карыстаннем агнём. Антаніна Хатэнка, даследчыца акультных ведаў, разважае на тэму магчымага ўзнікнення агню з-за непадкантрольнага выбуху ўнутранай энэргіі:

“Адпаведна з акультнымі ведамі, мы маем у сабе шмат энэргетычных цэнтраў. Гэтая сіла мае назву “кундаліні”. Сама “кундаліні” і ёсць агонь. У нашай культуры гэта божышча Зніч, якое таксама жыве ў нетрах зямлі. На сёння вучоныя схіляюцца да думкі, што кундаліні можа незалежна ад чалавека, калі ён не валодае сваёй энэргетычнай структурай, выбухнуць і ўтварыць унутранае самазагаранне”.

Атрымліваецца, што калі падыходзіць да феномену “людзей-паходняў” з чыста прагматычнай кропкі, то людзі загараюцца проста з-за невыканання элементарных патрабаванняў тэхнікі бяспекі. А можна ставіцца да гэтага як да пэўнага дысбалансу сусветнай энэргіі. Выснова усё ж такі адна: трэба быць асцярожным. А з чым – вырашаць самому: ці з тэхнікай бяспекі, ці з сусветнай энэргіяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі