ЛЮК: Канцэрт — гэта тонкая публічная гульня на высокім энэргетычным узроўні

Украінскі гурт ЛЮК у эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў пра новы альбом, супольнае лідэрства, артыстычны сэкс на сцэне, сардэчнае "захворванне" ўласнага гукарэжысёра і выдатную беларускую публіку. Спачатку са мной шчыраваў гітарыст ЛЮК’аў Валік, які і распавёў пра тое, што ж цяпер адбываецца з новым альбомам гурта.

Руся: Валік, распавядзі, калі ласка, як там справы з вашым новым альбомам?

Валік, ЛЮК: Мы зараз займаемся яго стварэннем. Запісацца плануем летам, а выдавацца ўжо ўвосень.



Руся: Каго-небудзь з іншых музыкаў запрашаеце да ўдзелу ў альбоме?

Валік, ЛЮК: Так! Струнны квартэт з Харкаўскай філармоніі. Мы з імі запісвалі ўсе свае папярэднія альбомы. Прызвычаіліся да іх (усміхаецца). Але пакуль нікуды іх прывезці не атрымліваецца. Занадта складана гэта з тэхнічнага боку.

Бабкіна дакладана запрашаць на гэты альбом не будзем. Гэта не значыць, што мы больш не сябруем (усміхаецца). Проста ў нас ёсць патрэба зрабіць альбом самастойна, каб не піярыцца за кошт Бабкіна ці гурта “Пятница”, каб людзі нас не асацыявалі з кімсьці яшчэ.

Руся: Дзе будзеце запісвацца?

Валік, ЛЮК: Ох, справа ў тым, што мы зараз вагаемся паміж Піцерскай студыяй “Добролет” і Кіеўскай студыяй Цялезіна. Мы думалі, можа, у Мінску дзе запісацца, але пазней перадумалі.

Руся: Чаго ж вы так? У Мінску можна знайсці нядрэнную студыю.

Валік, ЛЮК: Ды я ведаю (усміхаецца)?! Мяне іншае клапоціць. Разумееш, мы шукаем такога чалавека, які зразумеў бы, што нам трэба. Скажам, апошні альбом мы зводзілі самі, таму што ў нас не было выбару. Мы не знайшлі паразумення з гукарэжысёрам, які з намі працаваў, і таму зараз вельмі ўважліва выбіраем студыю. Асабліва Вольга перажывае (вакалістка гурта – прым.рэд.).

Руся: Дарэчы, чаму так часта здараецца, што гуртом, дзе спявае дзяўчынка, усё ж такі “руляць” хлопчыкі?

Валік, ЛЮК: Ха-ха! Я не ведаю! (усміхаецца). Бывае, што і дзяўчаты руляць. У нас неяк так ад пачатку складалася. У нас няма адмысловага лідэра. Мы разам пішам музыку, робім аранжыроўкі, а дзевачка ў нас хутчэй як інструмент. Вось ёсць яе голас, а мы для яго прыдумваем партыі музычныя. Ведаеш, яна таксама часам можа паруліць так, што — мама дарагая!



Руся: Бліжэй да канцэрту. Гэта які ўжо канцэрт ЛЮК’аў у Мінску?

Валік, ЛЮК: О! Трэці!

Руся: А ў гэтым клубе вы былі раней?

Валік, ЛЮК: Не.

Руся: Я да чаго. Месца цябе не бянтэжыць? Справа ў тым, што клуб “Bronx” мае рэпуацыю “мажорнага”, так бы мовіць, клуба. Студэнты, скажам, часта не могуць сюды пайсці таму, што ім падаецца, нібыта тут супер-дарагое месца. А як вы сябе тут адчуваеце?

Валік, ЛЮК: Мяне бянтэжыць толькі адно – гэта тое, што па клубе лётае гук. Я перажываю за гэта. А месца… Не. Да любога месца мы ставімся спакойна. Мы ў такіх ужо “месцах” выступалі, што нас ужо нішто не бянтэжыць. Але так, пагаджуся. “Bronx” - сапраўды выглядае мажорна (усміхаецца).

Руся: Валік, паслухай, гляджу я на цябе і бачу заручальны пярсцёнак. Скажы, жонка спакойна цябе на гастролі адпускае?

Валік, ЛЮК: Ооо! У мяне такая праблема, што я сам часам неспакойны з-за жонкі (усміхаецца). Мая жонка — акторка, яна працуе ў кіеўскім тэатры. Мы доўгі час увогуле жылі паміж двума гарадамі. Вось хутка яна паляціць у Амерыку на два тыдні. Як перажыву? (Усміхаецца). Мы, натуральна, разумеем адзін аднаго. Больш за тое, у нас усе музыкі ўжо пабраліся шлюбам і не хаваюць гэтага. Мы ж не гурт “Руки вверх” ці нейкі там boys band. Мы дарослыя людзі.

Тут Валік пабег на сцэну.

* * *

Канцэрт распачаў мінскі гурт “Дядюшкин сон”, пра які я мала што ведаю, але мы дамовіліся на больш блізкае знаёмства з гуртом.

ЛЮКі ж адыгралі моцны канцэрт, людзі іх ледзь адпусцілі! Выклікалі "на біс" тры разы, і толькі на трэці музыкі не вышлі. Чаму? Таму што Вольга, вакалістка гурта, у гэты час ужо размаўляла са мной для вас і распавядала пра свае ўражанні ад канцэрту.

Вольга, ЛЮК: Неяк дзіўна сябе адчуваю, калі шчыра, бо мне зусім не камфортна было на сцэне падчас выступу. Гук не дазваляў разняволіцца. Але я старалася на гэта не звяртаць увагі і аддавала слухачам самыя розныя свае эмоцыі.

Людзі ў вас проста выдатныя! Я нават не чакала такога… Яны ўсе такія класныя! (смяецца).



Руся: Ага! Так і бывае: беларускія артысты кажуць, што ўкраінскія слухачы самыя класныя, а музыкі-ўкраінцы тое ж самае кажуць пра беларусаў.

Вольга, ЛЮК: Ну, не ведаю. Нам проста з публікай шанцуе. Напрыклад, у Маскве нас так цёпла сустракаюць, што мы нібыта да сваякоў туды ездзім. Я так люблю там выступаць!

Руся: Ды ты, здаецца, паўсюль любіш. Сёння адскакала паўтары гадзіны і зусім не выглядаеш стомленай. Як так?!?

Вольга, ЛЮК: Ведаеш, бываюць канцэрты, пасля якіх я — як выціснутая цытрына, таму што аддаеш, а назад нічога не атрымліваеш. Сёння ж усё не так! Сёння я атрымала мора добрай энэргіі ў адказ. Я зараз гатовая яшчэ дзесяць канцэртаў адыграць! (смяецца). Энэргетыка - проста кайф!

Руся: Дарэчы, пра кайф. Некаторыя спявачкі сцвярджаюць, што спяваць на сцэне — гэта як займаца сэксам, які абавязкова заканчваецца аргазмам. Ці так гэта ў тваім выпадку?

Вольга, ЛЮК: (Смяецца). Так! Так! Гэта праўда. Канцэрт – гэта, на маю думку, тонкая публічная гульня на высокім энэргетычным узроўні. Спачатку ты ўваходзіш у транс, а пазней цябе разрывае на дробныя кавалачкі.

Руся: Мяне сёння раздзірала на дробныя кавалачкі цікаўнасць: чаму вы не аб’яўлялі новыя песні? Усе ж чакалі!

Вольга, ЛЮК: Мы неяк ніколі не аб’яўляем песні, але на гэтым канцэрце я ўсё ж такі сказала пра дзве песні! Першая, гэта “Порно”, а другая – “Антон”. “Антон” мы прысвяцілі Антону з гурта “И Друг Мой Грузовик”.

Мы не любім казаць пра свае песні на канцэртах. Прыемна, калі людзі самі спачатку слухаюць песню, а потым яе пазнаюць. Пачынаюць спяваць разам са мной, пляскаць у далоні. А то так аб’явіш песню, а яна не падабаецца. Я не вынесу. Лепей хай яе на альбоме ўжо пазнаюць.



Руся: А што з вашым гукарэжысёрам сёння здарылася? Кажуць, ён захварэў.

Вольга, ЛЮК: Так. Ён захварэў на каханне. У яго траўма сэрца. Ён вельмі моцна закахаўся, хоць і не прызнаецца ў гэтым. Косіць пад грып. Але ж вядома, што гэта не грып. Перад канцэртам, прабачце, я яму зрабіла тры ўколы ў задняе месца. Кажу: “Вова, калі ўжо падчас канцэрту будзеш падаць, дык ты рукі ў розныя бакі расстаўляй, каб ручкі на гукарэжысерскім пульце не зачапіць”.

Руся: Вясёлая кампанія ў вас, я пагляджу.

Вольга, ЛЮК: Я не магу скардзіцца. Вакол мяне пяць мужчын, якія дораць мне сваю ўвагу і пяшчоту. А што яшчэ жанчыне трэба? Дарэчы, вялікае прывітанне перадаю усім слухачкам Еўрарадыё. Заставайцеся сапраўднымі, шчырымі і памятайце, што галоўнае – гэта верыць у нешта прыгожае і прыемнае, што дае вам сілы жыць. Кахання вам жадаю! Бо калі жанчына закаханая, яна квітнее. Квітнейце, дзяўчаты!

* * *

Фота і відэа: ЕРБ

Таксама на тэму: ЛЮК: “Жаночыя гурты руляць!” (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі