Магчымасць трапіць у мінулае…

Першая субота лютага — Дзень сустрэчы былых аднакласнікаў. І ніякай розніцы няма: скончылі вы навучанне ў мінулым годзе ці ўжо 50 год таму апошні раз сядзелі за партай. Менавіта сёння з’яўляецца магчымасць сустрэцца са сваімі аднакласнікамі ці аднагрупнікамі. Прыгадаць светлыя гады навучання ды і проста пабачыць тых людзей, якія ў вашай памяці назаўсёды застаюцца маладымі і бесклапотнымі.

Некаторыя з іх займаюць адказныя пасады, кіруюць прадпрыемствамі, фірмамі і нават партыямі. Вось, напрыклад, лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін, ці будзе ён адзначаць гэты дзень?

Сяргей Калякін: “На жаль, — не. У нас існуе такая сістэма сустрэч: мы сустракаемся ў дні, калі мы скончылі ВНУ, гэта ў ліпені, і гэта адбываецца раз у пяцігодку. Са школьнымі мы сустракаемся раз на 10 год.

Як сустрэчы праводзяцца? Добра праводзяцца. Сустракаемся, па кіліху выпіваем са сваімі былымі паплечнікамі па навучэнню.

Размаўляем пра тое, як ідзе жыццё, як у каго складаюцца справы, як лёс складаецца. Выказваем нашы суадносіны да таго, што адбываецца ў краіне. Аб усім ідзе размова”

Зразумела, што не ўсе выпускнікі збіраюцца менавіта ў гэты дзень. Па розных прычынах такія мерапрыемствы пераносяцца на іншыя даты.

Але якая розніца калі? Галоўнае нарэшцэ спаткацца. Пра свае сустрэчы з выпускнікамі распавядае рок-музыка Лявон Вольскі:

“Мы, звычайна, у гэты дзень не адзначаем, неяк спантанна збіраемся з аднакласнікамі і гэтак далей, з кім я вучыўся, і досыць рэдка, нажаль.

На сустрэчы гэтай усё так аднатыпна праходзіць, хто чаго дасягнуў і гэтак далей. Такога нічога не было. Ды і сустрэчаў было ўсяго 3-4”.

А вось вакаліст гурта “Ляпіс Трубецкой” Сяргей Міхалок больш сур’ёзна ставіцца да сустрэч са сваімі былымі паплечнікамі. І ў ніякім разе не лічыць такія спатканні аднатыпнымі. Гэты год не выключэнне:

“Так, я збіраюся сустракацца з выпускнікамі 37-га аддзялення. Гэта аддзяленне Мінскай абласной псіхіятрычнай лякарні. Я там ляжаў у 90-ым годзе. Я даволі сур’ёзна кажу.

Мы часта сустракаемся, людзі якія прайшлі праз наркатычны дурман, пераменьваемся новымі рэцэптамі здаровага ладу жыцця. Усе цалкам розныя людзі.

Сярод іх ёсць сур’ёзныя бізнесмены, ёсць былыя панкі і металісты, ёсць людзі, якія чагосьці дасягнулі ў грамадстве, а ёсць, хто нічога не дасягнуў.

Мы п’ем гарбату. Спіртныя напоі мы на гэтых сустрэчах не ўжываем прынцыпова, хаця ёсць і п’ючыя людзі. Мы не аскеты, нам проста так цікавей. Мы не ананімныя наркаманы, і не ананімныя алкаголікі, а наадварот – мы адкрытыя наркаманы.

Яшчэ ў мяне ёсць аднагрупнікі па Інстытуце культуры, але апошні раз мы сустракаліся недзе чатыры гады таму ў адным рэстаране, але ж мы ўжо цалкам розныя людзі. Прабачце, канешне, я вам так усё выказаў у негатыўнай форме.

Затое я вам усю праўду распавёў. Магу ўпрыгожыць: як мы весела гуляем у Фанты, надуваем шарыкі, новыя рэцэпты салатаў і танцуем павольныя кампазіцыі”.

Калі вы яшчэ не паспелі дамовіцца пра сустрэчу са сваім выпускам, ці проста забыліся на гэтае свята, у вас яшчэ ёсць рэальная магчымасць усё выправіць.

Хапайце свой тэлефон і набірайце сваіх аднакласнікаў ці аднагрупнікаў. Яны абавязкова будуць вельмі радыя пачуць вас і не адмовяць вам у спатканні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі