Махлярка выманьвала грошы “на лекаванне сыну”
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу ў дачыненні 27-гадовай мясцовай жыхаркі.
Жанчыне інкрымінуецца махлярства ў асабліва буйным памеры. Як паведамілі БелаПАН у аддзеле СК, жанчына адкрыла дабрачынны рахунак у банку для збору сродкаў на правядзенне ў Нямеччыне дарагой аперацыі свайму малалетняму сыну. Са снежня 2012 па снежань 2013 года юрыдычныя асобы пералічвалі грошы. Паводле папярэдніх звестак, падазраваная прысабечыла болей за 50 мільёнаў рублёў.
Следства вызначыла, што дзіця не мела патрэбы ў такой аперацыі. Жанчына раней мела судзімасць за маёмасныя злачынствы.