МАК дагэтуль не вызначыўся, ці запрасіць Беларусь на Алімпіяду-2024
МАК пакуль што не дашле Беларусі запрашэнне на Алімпіяду-2024 / pexels.com
Міжнародны Алімпійскі камітэт не накіруе Беларусі, Расіі ды Гватэмале запрашэнні да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у прызначаны час. Пра гэта стала вядома з прэс-рэлізу арганізацыі, піша "Прессбол".
Як правіла, МАК накіроўвае такія запрашэнні нацыянальным камітэтам за год да Алімпіяды. Лёс беларускіх і расійскіх спартоўцаў МАК мусіў вырашыць акурат да 26 ліпеня. Аднак цяпер у арганізацыі перанеслі гэтае рашэнне на нявызначаную дату.
Раней МАК рэкамендаваў дапускаць спартоўцаў Беларусі і Расіі да ўдзелу ў міжнародных турнірах індывідуальна, у нейтральным статусе і пры ўмове, што яны не падтрымліваюць вайну Расіі ва Украіне. Аднак рашэнне наконт летняй Алімпіяды ў Парыжы 2024 года і зімовай Алімпіяды ў Мілане 2026 года МАК вырашыў прыняць пазней.
Запрашэнні да ўдзелу атрымаюць 203 нацыянальныя алімпійскія камітэты, акрамя Беларусі, Расіі ды Гватэмалы, чыё сяброўства ў МАК цяпер прыпынена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.