МАК пакінуў спартовыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі

МАК пакінуў спартовыя санкцыі супраць Беларусі і Расіі / pixabay.com
МАК пакінуў спартовыя санкцыі супраць Беларусі і Расіі / pixabay.com

Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК) пакінуў у сіле санкцыі ў дачыненні прадстаўнікоў Беларусі і Расіі, уведзеныя ў сувязі з вайной супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве МАК, прынятай з нагоды гадавіны ад пачатку расійскай агрэсіі.

"Мы глыбока спачуваем украінскаму народу падчас гэтай жорсткай вайны, чые боль і пакуты знаходзяцца па-за мяжой уяўлення. У гэтую змрочную гадавіну Алімпійскі рух далучаецца да заклікаў да міру і гатовы зрабіць свой сціплы ўнёсак у любыя намаганні па мірабудаўніцтве", — гаворыцца ў дакуменце.

МАК рашуча асуджае вайну, "якая з'яўляецца абуральным парушэннем Алімпійскага перамір'я, якое дзейнічала ў той час, і Алімпійскай хартыі". Менавіта з гэтай прычыны і былі ўжытыя беспрэцэдэнтныя санкцыі да Расіі і Беларусі. Згодна з імі у гэтых дзвюх краінах не праводзяцца ніякія міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы, на турнірах пад эгідай МАК не дэманструюцца дзяржаўныя сцягі, гімны ці іншыя нацыянальныя сімвалы. Акрамя таго, ніякія дзяржаўныя чыноўнікі не атрымліваюць акрэдытацыі на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы.

Гэтыя санкцыі, уведзеныя ў дзеянне ў лютым 2022 года, застаюцца і цяпер, адзначаюць у МАК.

Дзеля падтрымкі Украіны МАК патроіў свой фонд салідарнасці з з гэтай дзяржавай, "каб спартоўцы мелі ўсялякую падтрымку ў пераадоленні велізарных цяжкасцяў, з якімі яны сутыкаюцца, каб увасобіць у жыццё сваю алімпійскую мару". Паведамляецца, што дапамогай у той ці іншай форме скарысталіся ўжо каля 3000 спартоўцаў.

"Алімпійскія гульні не могуць прадухіліць войны і канфлікты. Яны таксама не могуць вырашыць усе палітычныя і сацыяльныя праблемы ў нашым свеце. Гэта сфера палітыкі. Але Алімпійскія гульні могуць паслужыць прыкладам для свету, дзе ўсе паважаюць адны і тыя ж правілы і адзін аднаго. Яны могуць натхняць нас на рашэнне праблем, наводзячы масты, якія вядуць да лепшага паразумення паміж людзьмі", — гаворыцца ў заяве МАК. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі