Макей: Беларусь не збіраецца бегчы ад Расіі
Беларусь "не збіраецца разварочвацца, бегчы і адыходзіць ад Расіі". Пра гэта падчас інтэрв'ю тэлеканалу АНТ заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімір Макей. Сценаграма размовы апублікаваная на сайце знешнепалітычнага ведамства.
"Мы як былі цесна звязаныя эканамічна, чалавеча, палітычна, у ваеннай сферы і ў іншых адносінах, так і застанемся, — сказаў дыпламат. — Але гэта не значыць, што мы не павінны развіваць адносіны з Кітаем, Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі, якія з'яўляюцца для нас абсалютна ёмістымі, маштабнымі рынкамі".
"Не трэба глядзець падазрона на гэтыя "рухі цела" Беларусі — гэта нармальная палітыка кіраўніцтва ў інтарэсах нацыі, у інтарэсах дзяржавы, у інтарэсах народа, — працягнуў Макей. — Таму, тыя маленькія праблемы, якія ўзнікаюць у нашых адносінах з расійскім партнёрам, я думаю, што яны носяць часовы характар".
Далей Уладзімір Макей удакладніў, што кажа пра канфлікт паміж Расіяй і Беларуссю ў нафтагазавай сферы, і выказаў спадзеў, што краіны выйдуць "на нармальнае паразуменне".
10 кастрычніка паведамлялася, што Беларусь і Расія вырашылі газавую спрэчку. СМІ паведамлялі, што Беларусь мусіць пагасіць пазыку перад "Газпрамам" і надалей плаціць за газ па коштах, прапісаных у кантракце яшчэ ў пачатку года. а Расія кампенсуе нашай краіне розніцу паміж кантрактнымі і "справядлівымі" коштамі. 17 кастрычніка кіраўнік Міністэрства энергетыкі РФ Аляксандр Новак пацвердзіў, што дамоўленасць існуе, але ні словам не абмовіўся пра кампенсацыю.