Макрон захапіўся жаночымі маршамі і заявіў, што Лукашэнка павінен сысці
Эмануэль Макрон / Reuters
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон упэўнены, што Аляксандр Лукашэнка павінен добраахвотна пакінуць сваю пасаду. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю газеце Le Journal du Dimanche.
Па словах Макрона, у Беларусі назіраецца крызіс аўтарытарнай улады, якая не можа зразумець логіку дэмакратыі і ўтрымліваецца сілай.
"Відавочна, што Лукашэнка павінен сысці", — сказаў францускі лідар і прызнаўся, што размаўляў пра гэта з Уладзімірам Пуціным напярэдадні яго сочынскай сустрэчы з Лукашэнкам. Макрон пераконваў Пуціна, што роля Расіі ў вырашэнні беларускага крызісу можа быць станоўчай, "калі яна падштурхне Лукашэнку да павагі выбарчага права і вызвалення палітычных зняволеных".
Эмануэль Макрон не хавае, што яго захапляе мужнасць беларускіх пратэстоўцаў:
"Яны ведаюць, на якую рызыку ідуць, выходзячы кожны тыдзень, па выхадных, на дэманстрацыі, і такі працягваюць гэта рабіць, імкнучыся удыхнуць жыццё ў даўно задушаную дэмакратыю ў гэтай краіне, — адзначыў палітык. — Асаблівую павагу выклікаюць жанчыны, якія праводзяць шэсці кожную суботу".
У жніўні Эмануэль Макрон ўжо размаўляў з Уладзімірам Пуціным наконт сітуацыі ў Беларусі. Пасля тэлефоннай размовы Крэмль заявіў, што Пуцін "падкрэсліў недапушчальнасць умяшання ва ўнутраныя справы рэспублікі і аказання ціску на беларускае кіраўніцтва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.