Маладафронтаўцы выйшлі на волю з “невялікімі” штрафамі

Замежныя дыпламаты лічаць, што законы, па якіх судзілі падлеткаў, неабходна адмяніць.
Аўторак, 29 траўня. Другі дзень як у судзе Савецкага раёна Мінску судзяць сябраў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”. Судзяць за тое, што прымалі ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі.
Зарэгістраваць яе хацелі ўжо 4 разы, але Мінюст катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. Ля будынку другі дзень запар збіраюцца актывісты-маладафронтаўцы. У залю суда іх не пускаюць міліцыя і АМАП. Ды й яны б там і не змясціліся.

Падлеткаў з бел-чырвона-беламі бранзалетамі і значакамі каля 200 чалавек. Зала разлічаная чалавек на 20. Праўда, міліцыянты і не спрабуюць разагнаць людзей. У натоўпе пазнавальныя асобы – Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч….

Эніра Браніцкая
сама “адседзела” 6 месяцаў па тым жа артыкуле, па якім сёння судзяць чарговых маладафронтаўцаў.

Эніра Браніцкая: “Тое, што людзі прыйшлі сюды, ужо шмат значыць. Людзі нязгодныя з тым, што над падлеткамі будзе несправядлівы суд. І перш за ўсё таму, што судзіць будуць па артыкуле, які не з’яўляецца канстытуцыйным”.

Суд прызначаны на 15 гадзінаў. У зале толькі падсудныя, некалькі бацькоў, прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, замежныя дыпламаты, праваабаронцы. Пускалі толькі па пасведчанні, папярэдне перапісаўшы звесткі на асобны аркуш. У Валерыя Шчукіна падраны локаць і запэцканая ззаду кашуля. Гэта вынікі спробы міліцыянтаў не пусціць яго ў залу.

У 15.20 з вуліцы пачулася гучнае “За свабоду!” і “Жыве Беларусь!”. Да будынку пад’ехаў Аляксандр Мілінкевіч. Экс-кандыдат у прэзідэнты нядаўна выказаў жаданне ўступіць у “Малады фронт”. На мінулым паседжанні ён прысутнічаў у зале суда, але сёння туды не пайшоў. У зале цесна і душна.

У 15.27 хуткім крокам зайшлі члены суда на чале з суддзёй Русланам Аніскевічам. Ён адразу зачытаў прысуд.

Руслан Аніскевіч
: “Суд прызначыў Зміцера Хведарука, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага прызнаць вінаватымі ў стварэнні незаконнай арганізацыі і ўдзеле ў дзейнасці грамадскага аб’яднання, якое не было зарегістраванае.

На падставе артыкула 193 Крымінальнага кодэксу прызначыць пакаранне ў выглядзе штрафу: Хведаруку – 40 базавых велічынь (1240 тыс. рублёў), Корбану, Янушэўскаму, Гарэцкаму – па 30 базавых велічынь (930 тыс.руб.). Анастасіі Палажанка абвесціць папярэджанне”.

Рашэннем суда частка доказаў знішчаецца, частка перадаецца ў следчыя органы КДБ і міліцыі для “далейшай распрацоўкі матэрыялу”. Сістэмныя блокі і вінчэстары ад хатніх камп’ютараў падсудных канфіскуюць на карысць дзяржавы. Адразу па абвяшчэнні прысуду Руслан Аніскевіч знікае з залы суда. На тварах маладафронтаўцаў усмешкі. Гэта ўсё ж такі не 500 базавых, якія адпачатку патрабаваў пракурор. Алег Корбан лічыць такі прысуд перамогай моладзі.

Алег Корбан: “Грошы мы знойдзем, аплоцім. Сума не вялікая. І надалей будзем працягваць нашу дзейнасць у дэмакратычным руху”.

Былых падсудных сябры на вуліцы сустракаюць віншаваннем і шампанскім. Амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт прысутнічала на абодвух паседжаннях ад пачатку. Яна не схільна лічыць сённяшні дзень перамогай дэмакратыі.

Карэн Сцюарт: “Мы заклапочаныя тым, што такія працэсы ўвогуле адбываюцца. Праблема не ў тым, як праходзіў гэты працэс. На погляд амерыканскага кіраўніцтва, праблема ў беларускім заканадаўстве. Праблема ў тым, што існуюць такія законы, якія дазваляюць праводзіць працэсы над моладзю, якая хоча збірацца і штосьці абмяркоўваць”.

Не лепшыя пачуцці ад убачанага і пачутага ў нядаўняга палітвязня Паўла Севярынца.

Павел Севярынец
: “Да гэтага працэсу я не магу ставіцца інакш, як да ганьбішча. У самым цэнтры Еўропы судзяць, фактычна, дзяцей, якія дамагаюцца свабоды і дэмакратыі для сваёй радзімы”.

Дарэчы, да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні асуджаны па тым жа артыкуле Зміцер Дашкевіч…


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі