"Малады фронт" абвясціў імёны ўладальнікаў прэміі "Люблю Беларусь"

Намеснік старшыні міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Іван Шыла 11 лютага абвясціў імёны ўладальнікаў прэміі "Люблю Беларусь". Як інфармуе БелаПАН, пераможцамі ў намінацыі "Беларусізацыя" сталі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская за кампанію "Будзьма беларусамі!".

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан стаў пераможцам у намінацыі PRO-Belarus, рэдакцыя газеты "Наша ніва" — у намінацыі "Журналістыка".

У намінацыі "Спорт" прэмію атрымае ініцыятыва фанатаў футбольнага клуба "Тарпеда" (Мінск), якія актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову ў атрыбутыцы і на сайце клуба.

Моладзевы актывіст Міхась Пашкевіч стаў пераможцам у намінацыі "Грамадская дзейнасць" за кампанію, якая патрабуе ўвесці ў Беларусі альтэрнатыўную вайсковую службу, а кіраўнік "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін — у намінацыі "Культура".

У намінацыі "Палітыка" перамог старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч за "змену пакаленняў у партыі", у намінацыі "Барацьбіт года" — моладзевы актывіст Арцём Дубскі.

Прэмія не прадугледжвае грашовай узнагароды. Пераможцам уручаць эксклюзіўныя статуэткі, выкананыя скульптарамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі